Міліцыя разагнала акцыю каля Валадаркі, сярод затрыманых — журналісты

Ініцыятарамі несанкцыянаванага мерапрыемства сталі сваякі загінулага. Яны прапанавалі ўсім неабыякавым людзям сабрацца на Нямізе каля царквы і прайсці ў бок Валадаркі з кветкамі і свечкамі. Потым яны меркавалі пакласці кветкі ля сцен турмы, зладзіць памінальную хвіліну, пасля прайсці з запаленымі свечкамі ў бок Чырвонага касцёлу і на гэтым завяршыць акцыю.



Як паведамляе Радыё Свабода, ужо аб 11.30 ля Валадаркі дзяжурыў аўтазак. Удзельнікаў акцыі затрымалі па рагу Гарадскога валу і Нямігі. Разам з імі затрымалі карэспандэнта Свабоды Алега Груздзіловіча і журналістаў “Нашай Нівы” Ірыну Арахоўскую і Ганну Бадзяку. Таксама сярод затрыманых — лідар праваабарончага аб’яднання “Платформа” Андрэй Бандарэнка.



Журналістаў, якія стаялі побач, адвялі ў бок і сказалі апусціць камеры.



Затрыманых даставілі ў Маскоўскі РУУС.



Мінчуку Ігару Пцічкіну быў 21 год. Пцічкіна пакаралі 3 месяцамі арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Для адбыцця пакарання Ігара Пцічкіна змясцілі ў мінскі следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага 30 ліпеня, а ўжо 4 жніўня вязень памёр.



Сваякі Ігара Пцічкіна не паверылі ў версію пра раптоўную смерць у выніку спынення сэрца. Яны казалі пра падазроныя на плямы на целе нябожчыка.



На сустрэчы з начальнікам СІЗА сваякам Ігара Пцічкіна паведамілі, што 3 жніўня ў яго нібыта пачалося “псіхаматорнае ўзбуджэнне”, з-за чаго яго мусілі “зафіксаваць мяккімі рамянямі”.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі