Міліцыя спрабавала трапіць у кватэру апазіцыянера Максіма Вінярскага

Міліцыя спрабавала трапіць у кватэру апазіцыянера Максіма Вінярскага

Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі ўвечары 19 красавіка патрапіць у кватэру каардынатара кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага ў Мінску. Як паведаміў апазіцыянер charter97.org, двое праваахоўнікаў у цывільным грукалі ў дзверы і патрабавалі ім адчыніць, але маці актывіста не стала ім падпарадкоўвацца і не размаўляла з імі. Паводле Вінярскага, міліцыянты таксама тэлефанавалі ў дзверы суседзям і не выходзілі з пад’езду.

Сам каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” сказаў, што ўжо некалькі дзён ляжыць дома хворы і не ўяўляе, чаго ад яго хоча міліцыя.

18 красавіка, таксама ўвечары міліцыя затрымала актывіста апазіцыі і лідара руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка. Ён вяртаўся дадому, аднак супрацоўнікі міліцыі гвалтам выцягнулі яго з пад’езду і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі. 19 красавіка Сіўчыка даставілі ў Цэнтральны суд Мінска, які вярнуў на дапрацоўку складзеныя міліцыяй пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях. Суд абгрунтаваў гэта тым, што час і месца правапарушэння не адпавядае пратаколу затрымання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі