Мілінкевіч: студэнты, адлічаныя за палітыку, могуць разлічваць на польскія ВНУ

Мілінкевіч: студэнты, адлічаныя за палітыку, могуць разлічваць на польскія ВНУ

Студэнты, якіх адлічаць па палітычных матывах, могуць прэтэндаваць на навучанне ў Польшчы па ўрадавых стыпендыях. Пра гэта Аляксандр Мілінкевіч паведаміў у інтэрв'ю газеце "Народная Воля". 

"Праграма Каліноўскага існуе і сёння, яна толькі перафарматавалася, бо на Беларусі ў час дыялогу з Еўрасаюзам зменшыліся рэпрэсіі супраць іншадумства ў акадэмічным асяроддзі. Але студэнты, якія будуць адлічаны па палітычных матывах, па-ранейшаму могуць прэтэндаваць на атрыманне стыпендый польскага ўрада. Камітэт "Салідарнасць" працягвае працу і адсочвае сітуацыю", — заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты 2006 года.

Праграма Каліноўскага, па якой рэпрэсаваныя беларускія студэнты маглі паехаць вучыцца ў Польшчу, узнікла пасля выбараў 2006 года. Да яе ўзнікнення спрычыніўся Аляксандр Мілінкевіч і яго жонка Іна Кулей, якая ўзначаліла камітэт "Салідарнасць". 

У першы год на навучанне паехалі 244 чалавекі, але тры чвэрці з іх не давучыліся. Потым адбор навучэнцаў стаў больш жорсткім — 80, 60, 50 студэнтаў. У 2015-м на праграму Каліноўскага паехала толькі 20 студэнтаў з Беларусі. Зрэшты, рэпрэсіі сярод навучэнцаў да таго часу таксама істотна паменшалі. 

У 2016 годзе праграма Каліноўскага ператварылася ў стажы для ўсіх ахвочых. Але ўжо ў 2017 годзе яе аднавілі як праграму са штомесячнай стыпендыяй. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі