Мінабароны: Ніякай павышанай ваеннай актыўнасці ў Беларусі няма (відэа)
Пра гэта заявіў у сваім артыкуле ў "Белорусской военной газете" начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар Міністэрства абароны палкоўнік Уладзімір Макараў.
Такім чынам ён адказаў на паведамленні з відэа і фота пра актыўнае перамяшчэнні па тэрыторыі краіны вайсковых эшалонаў з узбраеннем і ваеннай тэхнікай. Яны рэгулярна з'яўляюцца апошнім часам у інтэрнэце на фоне баявых дзеянняў ва Украіне.
Па словах Макарава, у першыя месяцы гэтага года праводзілася праверка баявой гатоўнасці Узброеных сіл, і тады інтэнсіўнасць перамяшчэння тэхнікі, у тым ліку чыгуначным транспартам, была значна вышэйшая, чым цяпер.
Ён кажа, што ўсе перамяшчэнні вайсковай тэхнікі па Беларусі ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з Планам падрыхтоўкі Узброеных сіл на 2013/2014 навучальны год, які быў распрацаваны яшчэ ў канцы мінулага года.
Акрамя таго, Макараў заявіў, што ніхто з Узброеных сілаў Беларусі не ўдзельнічаў і не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі іншых дзяржаў, перадае БелаПАН. Звесткі аб расійскіх вайсковых групоўках на тэрыторыі Беларусі палкоўнік назваў выдумкамі.