Мінфін: Бюджэт ад валютнага збору атрымае каля 5 трлн рублёў
Новы валютны збор будзе дзейнічаць да 1 лютага 2015 года.
Даход у бюджэт ад 30-адсоткавага валютнага збору чакаецца ў памеры каля 5 трлн рублёў. Такую лічбу назваў першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.
"Дзеянне збору прадугледжана да 1 лютага 2015 года. Гэта каля 20 дзён біржавых таргоў, з улікам штодзённага попыту і прапановы валюты даходы складуць каля 5 трлн рублёў", — перадае БЕЛТА словы чыноўніка.
Па словах Ермаловіча, даходы ад увядзення 30-адсоткавага валютнага збору ў бюджэце не улічваліся. На яго думку, няма сэнсу сур'ёзна карэктаваць бюджэт, бо валютны збор — мера часовая.
Нагадаем, што 30-адсоткавы збор пры набыцці валюты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі дзейнічае ў Беларусі з 20 снежня. Такое рашэнне ўрада і Нацбанку патлумачанае павялічаным попытам на долары і еўра на ўнутраным валютным рынку.