Мінгарвыканкам засакрэціў імёны людзей, якія забараняюць канцэрты
Эканамічны суд Мінска адмовіў Сяргею Будкіну, які спрабаваў аспрэчыць рашэнне галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама. Сталічныя ідэолагі адмовіліся даць дазвол на сольны канцэрт лідара гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава, спаслаўшыся на "нізкі мастацкі ўзровень выканання". Выступ з праграмай "Кароткая гісторыя Беларусі" на вершы паэта, сябра Саюза пісьменнікаў Алеся Чобата мусіў адбыцца 16 верасня. Чыноўнікі разам з заявай на выдачу дазвола на мерапрыемства папрасілі і тэксты песень, якія пасля нібыта праглядзеў мастацкі савет пры Мінгарвыканкаме і вынес сваё рашэнне.
“Мне падалося, што ў суддзі не было нават спробы зразумець адваротную пазіцыю арганізатара, які жадае атрымаць гэтую гастрольку, — каментуе рашэнне суда Сяргей Будкін, які на самім пасяджэнні не змог прысутнічаць, але вывучыў матывіровачную частку прысуду. — Бо ад Мінгарвыканкама я не атрымаў нават па асобным запыце ніякіх дакументаў аб пасяджэнні мастацкай камісіі, якая разглядала творчасць Алеся Дзянісава без наяўнасці яго запісаў, маючы толькі тэксты, якія напісаў не ён, а паэт Алесь Чобат. Па выніку засталося незразумелым, што такое нізкі мастацкі ўзровень і незразумела, хто яго вызначаў ды якім чынам”.
Еўрарадыё таксама даслала запыт на імя старшыні галоўнага ўпраўлення па ідэалогіі і культуры Мінгарвыканкама Паўла Скалабана з просьбай распавесці, хто ўваходзіў у мастацкі савет, а таксама, якім чынам быў ацэнены мастацкі ўзровень менавіта “выканання”, калі разглядаліся толькі тэксты песень.
“Крытэрыі ацэнкі мастацкага ўзроўню выкананняў вызначаныя пунктам 8 артыкула 214 Кодэкса аб культуры”, — адказаў чыноўнік.
Цытуем пункт 8 артыкула 214:
“Крытэрыямі ацэнкі мастацкага ўзроўню выкананняў, прадугледжаных праграмай культурна-відовішчнага мерапрыемства, з’яўляюцца:
- 1. Эстэтычная вартасць выконваемых твораў мастацкай літаратуры і мастацтва.
- 2. Мастацкая цэласнасць і кампазіцыйная завершанасць выканання.
- 3. Афармленне і харэаграфічнае рашэнне выканання.
- 4. Уменне выканаўцаў перадаць стылістычныя асаблівасці і драматургію выконваемых твораў мастацкай літаратуры і мастацтва.
- 5. Узровень выканальніцкага майстэрства.
- 6. Артыстычнасць і тэхніка выканання”.
А цяпер цытуем наступны, 215 артыкул дакумента, пункт 2:
“У рашэнні аб адмове ў выдачы пасведчання на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь указваецца матываваная прычына адмовы”.
Відаць, Павел Скалабан не дачытаў Кодэкс аб культуры. А можа, на яго погляд, пералік крытэрыяў ацэнкі і ёсць “матываваная прычына адмовы”, бо тэксты да альбома Алеся Дзянісава не праходзяць па кожным з іх, а асабліва датычна “афармлення і харэаграфічнага рашэння выкананняў…”
А вось пытанне пра склад мастацкага савету спадар Скалабан парыраваў увогуле феерычна.
“Інфармуем, што ў дзеючых нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь указанняў і рэкамендацый, звязаных з прадастаўленнем інфармацыі аб складзе мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах, азнаямленнем арганізатара мерапрыемства з заключэннем мастацкага савета, няма”, — напісана ў адказе на зварот Еўрарадыё.
“Гэты адказ ― такая агульная характарыстыка дзейнасці нашых дзяржаўных органаў, — каментуе юрыст Павел Сапелка. — Яна закрытая, і як бы гэта гучна ні гучала, але яна не падначальваецца інтарэсам народа і не кантралюецца народам. Я лічу, што гэты зварот у суд Сяргея Будкіна ― увогуле знакавая падзея. У тым сэнсе, што калі іскі ў суд стануць правілам, то цалкам верагодна, што дзейнасць ідэолагаў пачне змяняцца ў больш дэмакратычны бок”.
Мастацкія саветы пры гарвыканкамах пачалі з’яўляцца з 3 лютага 2017 года, калі ўступіў у сілу Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь. Фактычна, стварэнне такіх камісій зрабіла законнай цэнзуру ў культуры і выклікала абурэнне ў многіх знакамітых музыкаў краіны
“Безумоўна, гэтая сітуацыя з’яўляецца парушэннем артыкула 34 канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе права на атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў і гэтак далей, — працягвае Павел Сапелка. — Такая форма забароны з’яўляецца антыканстытуцыйнай. Гледачы могуць ацаніць узровень мастацкага выканання і гэтак далей. А тое, што прапануе спачатку заканадаўца, а потым і правапрымяняльнікі, і ёсць цэнзура”.
Нягледзячы на афіцыйныя запыты арганізатара і Еўрарадыё, пратакол пасяджэння мастацкага савета пры Мінгарвыканкаме, на якім прымалася рашэнне пра творчасць Алеся Дзянісава, быў перададзены толькі ў суд. Цяпер Сяргей Будкін на правах істца, спрабуе азнаёміцца з матэрыяламі справы і ўсё ж убачыць той пратакол пасяджэння. У бліжэйшыя дні Сяргей Будкін разам з Паўлам Сапелкам падрыхтуюць усе неабходныя паперы і будуць абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі.