Міністэрства гандлю падало ў суд на беларускія тэлеканалы за гучную рэкламу

Міністэрства гандлю Беларусі падало ў суд на некалькі беларускіх тэлеканалаў, у эфіры якіх рэклама была занадта гучнай у параўнанні з астатнімі перадачамі.
У міністэрстве адзначылі, што прыняць такое рашэнне супрацоўнікаў мінгандлю прымусіла рэзкае павелічэнне колькасці скаргаў насельніцтва, паведамляе “Тэлеграф” са спасылкай на “Ежедневник”.

У красавіку 2008 года чыноўнікі міністэрства звярнуліся да спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі з просьбай праверыць гукавыя параметры на каналах СТВ, РТР, "НТВ-Беларусь", ОНТ, "8-ы канал" і "Першы музычны".

У выніку высветлілася, што на ўсіх гэтых тэлеканалах узровень гучнасці рэкламы перавышае перадачы ў сярэднім на 1–2,5 дБА. Пры гэтым самым недысцыплінаваным тэлеканалам апынуўся ОНТ, дзе розніца часам дасягала пяці акустычных дэцыбелаў.

Як паказалі даследаванні, гучней за ўсё гучыць рэклама, што перарывае серыялы і мастацкія фільмы. Разам з тым, эксперты сцвярджаюць, што гэта выклікана не злым намерам, а недасканаласцю наяўнага на тэлебачанні абсталявання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі