Міністра Мартынава запрасілі ў Люксембург, апазіцыю - яшчэ не

На пленарным паседжанні Еўрапейскага парламенту ўвечары перад прыняццём рэзалюцыі па Беларусі дзяржсакратар Францыі па еўрапейскіх справах Жан-П'ер Жуае пацвердзіў, што міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў атрымаў запрашэнне на сустрэчу з міністрамі краінаў ЕС у Люксембургу 13 кастрычніка. Па словах прадстаўніка Францыі, сустрэча ў фармаце "Тройка" - Беларусь павінна дапамагчы Еўрапейскаму Саюзу "перагледзець прагрэс" у стасунках з Беларуссю і прыняць рашэнне пра магчымую адмену візавых забаронаў для беларускіх чыноўнікаў. Жан-П'ер Жуае папярэдзіў, што санкцыі ніхто не збіраецца здымаць "вокамгненна", а падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці будзе працягвацца і ўзмацняцца.

Французскі міністр не адказаў на пытанне шэрагу еўрадэпутатаў, ці будуць запрошаныя на сустрэчу ў Люксембургу Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, якія знаходзіліся ў зале паседжанняў.

У сваю чаргу еўракамісар Чарлі МакКрыві адзначыў, што ідэя запрасіць апазіцыю падаецца яму "цікавай" і ён перакажа яе офісу камісара па знешняй палітыцы Беніты Ферэра-Вальднер, аднак вырашаць гэтае пытанне павінна Францыя як краіна-старшыня Еўрасаюзу.

Рэзалюцыя з ацэнкай паслявыбарнай сітуацыі ў Беларусі будзе прынятая Еўрапейскім парламентам на пленарным паседжанні 9 кастрычніка. Плануецца, што ў яе ўвойдуць рэкамендацыі па спрашчэнні візавага рэжыму для беларускага насельніцтва, гарантыі працягу падтрымкі свабодных медыяў і няўрадавых арганізацый, а таксама пералік умоваў для далейшай пакрокавай стратэгіі адносінаў з беларускімі ўладамі.

Падрабязны рэпартаж з дэбатаў чакайце ў хуткім часе на сайце www.euroradio.fm

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі