Мінскае метро падзялілася на "цягнікі" і "паязды"
На перасадачных станцыях метрапалітэна — "Кастрычніцкай" і "Купалаўскай" — па-рознаму абвяшчаюць пра пераход на іншую лінію.
"Пераход да паяздоў Аўтазаводскай лініі", — як звычайна, інфармуе бясстрасны мужчынскі голас з дынамікаў, калі цягнік прыбывае на станцыю "Кастрычніцкая". Яшчэ тыдзень таму слова "паязды" гучала і на "Купалаўскай". Але запіс паднавілі — і сёння тут чуваць мілае кожнаму беларускаму вуху слова "цягнікі":
"Станцыя "Купалаўская". Пераход да цягнікоў Маскоўскай лініі".
У адной з прысвечаных Мінску суполак "ВКонтакте" нагадваецца пра абяцанне дырэктара КУП "Мінскі метрапалітэн" з 29 жніўня прыбраць з цягнікоў усе абвесткі на рускай мове. "Дык вось, цягам некалькі тыдняў нічога не змянялася. Але сёння [24 верасня. — Заўв. Еўрарадыё] на Аўтазаводскай лініі былі заўважаны новыя інфармацыйныя абвесткі на роднай мове".
Еўрарадыё абавязкова паспрабуе высветліць у супрацоўнікаў метрапалітэна, у чым прычына такога падзела і чым менавіта "цягнікі" адрозніваюцца ад "паяздоў".
Фота: "ВКонтакте".