Мінская міліцыя затрымала фанатаў “Гарадзеі”
Прычынай мог стаць іх канфлікт з заўзятарамі БАТЭ.
Групу фанатаў футбольнага клуба “Гарадзея” затрымалі сёння сталічныя міліцыянты. Гэта адбылося ў часе таварыскага матчу каманды з барысаўскім БАТЭ, які праходзіў сёння ў Мінску. 15 чалавек пагрузілі ў аўтазак і даставілі ў Партызанскі і Першамайскі РУУС.
Падрабязнасці інцыдэнту пакуль высвятляюцца. Паводле адной з версій, прычынай затрымання мог стаць канфлікт паміж прыхільнікамі дзвюх каманд, піша offside.by
Адзначым, што матч скончыўся нічыёй — 2:2. БАТЭ з’яўляецца чэмпіёнам Беларусі ў вышэйшай лізе, а “Гарадзея” летась заняла ў сваёй першай лізе 6-е месца.
Апроч таго, сёння таварыскія матчы згулялі шэраг іншых клубаў. Салігорскі “Шахцёр”, бронзавы прызёр у вышэйшай лізе, разграміў “Баранавічы”, якія летась выйгралі чэмпіянат у другой лізе — 5:2. “Тарпеда-БелАЗ” гуляў двума складамі: першым — з “Гомелем” (2:2) і другім — са “Смалявічамі-СТІ” (2:2). А вось “Мінск” саступіў “Граніту” — 0:1.
Ілюстратыўнае фота з сайта fcgorodeya.by