Мінскі баксёр Сяргей Карнееў перамог двухразовага чэмпіёна свету (ВІДЭА)

Напрыканцы мінулага тыдня цяжкавагавік Сяргей Карнееў упершыню выйшаў баксіраваць за каманду “Украінскія атаманы”. І адразу супраць зоркі — двухразовага чэмпіёна свету і двухразовага прызёра Алімпіяд італьянца Клементэ Руса.

Падзея адбылася ў Кіеве і праходзіла ў межах так званай лігі WSB. Жоўта-блакітныя сустракаліся з камандай “Італьянскі гром” і мусілі выставіць у свой склад легіянераў. Таму і звярнуліся да нашага баксёра.

“Карнееў быў поўны рашучасці арганізаваць для італьянскай зоркі складанае жыццё, — паведамляе афіцыйны сайт лігі WSB. — Да самага пятага раўнда бой праходзіў на тоненькага. Але ў выніку Карнееў зрушыў вялікую зорку са свайго шляху”.

 

Раней пазіцыю Сяргея Карнеева ва “Украінскіх атаманах” займаў залаты медаліст Лонданскіх Гульняў Аляксандр Усік, які перайшоў у прафесіяналы і больш не зможа выступаць на Алімпіядах. 

Нагадаем, што наш Сяргей Карнееў не раз трапляў у вір судзейскіх скандалаў. На Алімпіядзе ў Лондане, на чэмпіянаце Еўропы-2013 і першынстве свету гэтага года — паўсюль наш баксёр не трапіў на п’едэстал і паўсюль меў прэтэнзіі да суддзяў.  

“Нягледзячы на адсутнасць належнага выніку, галоўны трэнер зборнай Украіны Дзмітрый Сасноўскі ўсё адно парэкамендаваў мяне ў “Атаманы”. І вынік бою з Клементэ Руса мяне не здзівіў, — дзеліцца Сяргей Карнееў з Еўрарадыё. Праз дзень пасля перамогі мы завіталі ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, дзе баец здае сесію. — Я такога выніку чакаў і да гэтага рыхтаваўся. Супернік быў майго ўзроўню, а суддзі не засуджвалі”.

 

 

Турніры WSB ладзіць Міжнародная баксёрская асацыяцыя, таму выступленне за “Украінскіх атаманаў” для Карнеева — шанец атрымаць ліцэнзію на Алімпіяду-2016. Паралельна Сяргей можа баксіраваць за зборную Беларусі на міжнародных спаборніцтвах. Трэніруецца баец па-ранейшаму ў Мінску пад кіраўніцтвам Канстанціна Маханькова.  

Пасля апошніх чэмпіянатаў свету і Еўропы на нашага байца пасыпалася крытыка. Маўляў, раз ёсць негатыў з боку суддзяў — вырубай сваіх супернікаў. 

“Але як зрабіць накаўт, калі кожны баксёр на гэтым узроўні — Заслужаны майстар спорта? Натуральна, з-за гэтай сітуацыі было нялёгка, быў эмацыйны зрыў. Рыхтаваліся да спаборніцтваў, жылі гэтым — а выніку не было ні на Еўропе, ні на чэмпіянаце свету, — распавядае Сяргей Карнееў пра цяжкія часы. — Але што было рабіць? Была сітуацыя, з якой трэба было выбірацца. Можна было ці спыніцца, ці ісці далей. Выбраў — ісці далей. Давялося пераадолець гэтыя праблемы, забыцца на іх — і наперад з песняй”.

Наступны бой Сяргей правядзе 17 студзеня ў ЗША. “Украінскія атаманы” сустрэнуцца ў Злучаных Штатах з камандай “Юэсэй накаўтс”.

Фота WorldSeriesBoxing

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі