Мінскі другакласнік дапамог затрымаць п’янага кіроўцу таксоўкі
У затрыманага мужчыны выявіўся цэлы букет парушэнняў правапарадку.
Вучань другога класа адной са сталічных школ дапамог затрымаць п’янага кіроўцу на вуліцы Пуліхава. Хлопчык катаўся ў двары на ровары і раптам заўважыў неадэкватныя паводзіны кіроўцы таксоўкі — машына ехала па тратуары і школьніку гэта падалося дзіўным. Ён распавёў пра гэта бацьку і той патэлефанаваў у міліцыю.
Тым часам таксоўка з’ехала з тратуара на праезную частку, ледзь не збіўшы пешаходаў. Аўтамабіль працягваў круціцца з боку ў бок, чапляючы бардзюры, пакуль не заскочыў на камень і не спыніўся.
Па словах відавочцаў, калі яны падышлі да машыны, кіроўца ўжо спаў, а на пярэднім сядзенні побач з ім ляжала бутэлька з-пад гарэлкі.
На месца прыбылі супрацоўнікі ДАІ і пачалі будзіць парушальніка. Той вёў сябе агрэсіўна і адмаўляўся ад праверкі на алкагольнае ап’яненне. Кіроўцу затрымалі і даставілі ў дзяжурную частку Партызанскага РУУС. Там на яго склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі.
Высветлілася, што 37-гадовы мужчына раней быў праз суд пазбаўлены правоў на кіраванне транспартнымі сродкамі, перадае БЕЛТА.
Фота з архіву