Мінскі пенсіянер-"доларавы мільянер" заплаціць 6 млрд падатку

У Беларусі налічылі 22 тысячы чалавек, якія жывуць не па сродках. Усім ім прапанавалі запоўніць дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці ды заплаціць падатак. За апошнія тры гады у бюджэт такім чынам вярнулі 28 млрд рублёў. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асобаў Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.

Чыноўнік прывёў шэраг канкрэтных прыкладаў. Паводле слоў Расолькі, сярод правераных 22 тысяч беларусаў ёсць бізнесмены, пенсіянеры, беспрацоўныя. Напрыклад, мінчук Н. купіў аўтамабіль за 100 тысяч долараў, хаця яго гадавы заробак у сярэднім складае толькі 60 мільёнаў рублёў. Жыхарка Гомеля Д. набыла ў аўкцыёна ўчастак для будаўніцтва дома і патраціла на 1 мільярд рублёў больш, чым зарабіла. Дарэчы, яна адразу заплаціла выстаўлены ёй рахунак — 94 млн рублёў падаходнага падатку.

Яшчэ адна жыхарка Гомеля пераслала з Турцыі сваёй маці 30 тысяч долараў. Паколькі яна беспрацоўная, у падаткавікоў узнікла пытанне, адкуль з'явіліся грошы? Жанчына сцвярджае, што пазычыла іх у грамадзяніна Турцыі, аднак пацвердзіць гэта не змагла і мусіла заплаціць у бюджэт 29 млн рублёў.

Мінскі пенсіянер К. за два гады купіў у банках 5 мільёнаў долараў. Калі да яго прыйшлі з пытаннем, адкуль у яго такія грошы, мужчына сказаў, што валюту купіць папрасілі нейкія людзі, якія "не хацелі свяціцца". Пенсіянеру налічылі амаль 6 млрд рублёў падатку, які ён мусіць заплаціць.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі