Мінулы тыдзень стаў трыгерам: тры супрацоўнікі БДАМ пайшлі на забастоўку
Акадэмія мастацтваў / belapan.by
Тры спецыялісты Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Акадэміі мастацтваў напісалі паведамленні на імя рэктара аб пачатку забастоўкі. "Да таго часу, пакуль не будзе спынены гвалт у дачыненні да мірных грамадзян з боку сілавых структур, пакуль вінаватыя ў катаваннях не панясуць пакарання..." — пералічвае свае ўмовы вядучая спецыялістка і рэжысёрка Юлія Альшэўская.
Юлія расказвае Еўрарадыё, што рашэнне пра забастоўку ў яе з'явілася даўно, але галоўным трыгерам сталі падзеі мінулага тыдня — смерць выпускніка Акадэміі мастацтваў Рамана Бандарэнкі.
— Яшчэ мяне вельмі раздражнялі каментары ў чатах з заклікамі баставаць, звернутымі да рабочых і медыкаў. Гэта значыць, гэтыя людзі самі працягваюць хадзіць на працу як нічога не было — і перакладваюць адказнасць на плечы кагосьці іншага? Пасля смерці Ромы і падзей у нядзелю я вырашыла, што не выйду на працу, — тлумачыць Юлія Альшэўская.
Рэжысёрка дадае, што апошнім часам у Акадэміі мастацтваў узмацніўся ціск на выкладчыкаў і студэнтаў. Юлія з калегамі падпісвала лісты ў абарону адлічаных, спрабавала сустрэцца з рэктарам.
Пасля таго як супрацоўнікі ЦЭР падпісалі паведамленні аб прыпыненні працы, іх выклікалі на гутарку да прарэктара Святланы Вінакуравай. Яна, дарэчы, вядомая сваім эмацыйным выступленнем на праўладным канцэрце ў "Мінск-Арэне" 17 верасня.
— Вядома, дыялог з ёй не адбыўся. Маіх калег спрабавалі прымусіць падпісаць дакументы, нібыта яны паінфармаваныя аб артыкулах пра забастоўку з Працоўнага кодэкса. Яны адмовіліся. Я на гутарку пакуль не хадзіла, — дадае Альшэўская.
У адказ на забастоўку дэкан паведаміў спецыялістам, што, хутчэй за ўсё, іх Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры будзе расфармаваны. Ён быў створаны ў снежні 2012 года згодна з пратаколам даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі.
ЦЭР Акадэміі мастацтваў — гэта эксперыментальная сцэнічная пляцоўка для студэнтаў старшых курсаў і студэнтаў магістратуры БДАМ спецыялізацыі "Рэжысура". Юлія Альшэўская расказвае, што супрацоўнікі ЦЭР дапамагалі маладым рэжысёрам атрымаць гранты Мінкульта, удзельнічаць у лабараторыях, міжнародных фестывалях і майстар-класах.
— Я працавала ў Акадэміі мастацтваў пяць гадоў. Калі падпісвала заяву, то была гатовая да крокаў адміністрацыі ў адказ. Але не магу і далей як нічога не было працягваць хадзіць на працу, — кажа Юлія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.