Мінюст прыпыніў рэгістрацыю партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя"
Міністэрства юстыцыі прыпыніла дзяржаўную рэгістрацыю партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Як паведамляе прэс-служба БХД, пра гэта Мінюст паведаміў аргкамітэту партыі лістом.
Паводле закону, Мінюст павінен прыняць рашэнне аб рэгістрацыі партыі ці адмове на працягу месяца пасля падачы дакументаў. Аднак чыноўнікі маюць магчымасць прыпыніць рэгістрацыю для вывучэння дадатковых дакументаў.
У каментары на сайце БХД выказваецца меркаванне, што беларускія ўлады гэткім чынам цягуць час у чаканні, пакуль Еўрасаюз адменіць візавыя абмежаванні. Рашэнне аб рэгістрацыі БХД адкладзенае да лютага, калі ЕС плануе вырашыць пытанне пра санкцыі да беларускіх чыноўнікаў.
Устаноўчы з'езд партыі адбыўся ў Мінску 12 снежня 2015 года. Дакументы ў Мінюст на рэгістрацыю былі перададзеныя 24 снежня.
Аргкамітэт БХД ужо атрымаў пяць адмоваў у рэгістрацыі з 2009 года. Таксама хрысціянскія дэмакраты Беларусі беспаспяхова спрабавалі некалькі разоў зарэгістравацца ў якасці розных рэгіянальных і рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў.