“Міжнародная амністыя” асудзіла чарговую смяротную кару ў Беларусі

“Міжнародная амністыя” рашуча асуджае страту Паўла Селюна ў Беларусі і спосаб, якім пра гэта паведамілі, з поўным ігнараваннем правоў яго сям’і”, — гаворыцца ў заяве. У прыватнасці, адзначаецца, што маці Селюна, якая звярталася з просьбай аб памілаванні да кіраўніка дзяржавы, не паведамілі ні пра тое, што ў памілаванні адмоўлена ні пра тое, што ён будзе пакараны смерцю. На думку праваабаронцаў, гэта з’яўляецца парушэннем міжнародных стандартаў.



Апроч таго, падкрэсліваюць праваабаронцы, скарга Селюна была зарэгістраваная ў Камітэце па правах чалавека ААН, які накіраваў беларускім уладам просьбу не выконваць прысуд на час разгляду скаргі.



Пра страту 23-гадовага Паўла Селюна, прызнанага вінаватым у забойстве двух чалавек “з асаблівай жорсткасцю”, стала вядома 18 красавіка ад праваабаронцаў. На момант страты скарга Селюна на смяротны прысуд знаходзілася на разглядзе Камітэту ААН па правах чалавека.



Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца смяротнае пакаранне, а таксама адзіная еўрапейская дзяржава, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы. Асноўнай перашкодай для ўваходжання і з’яўляецца наяўнасць смяротнага пакарання.


Паводле звестак “Міжнароднай амністыі” і кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, за апошнія 20 гадоў у краіне расстралялі болей за 400 чалавек. У адказ на заклікі праваабаронцаў увесці мараторый на смяротнае пакаранне або адмяніць яго ўлады спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года, у часе якога большасць беларускіх грамадзян выступілі за захаванне гэтай вышэйшай меры пакарання, інфармуе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі