"Міжнародная амністыя" папярэдзіла беларускі ўрад
Беларусь можа стварыць прэцэдэнт, калі адменіць смяротнае пакаранне праз рэферэндум
Беларусь застаецца апошняй з краінаў Еўропы, дзе людзей караюць смерцю. Апошнім часам шэраг беларускіх чыноўнікаў і дэпутатаў выказаліся ў
справе магчымай адмены смяротнага пакарання. Старшыня Канстытуцыйнага
суда Пётр Міклашэвіч яшчэ 11 сакавіка заявіў, што гэта можа адбыцца
"толькі праз рэферэндум".
Але прэс-сакратар Канстытуцыйнага суда Васіль Селядзеўскі цяпер сказаў Еўрарадыё, што ў сённяшніх умовах рашэнне аб мараторыі на смяротнае пакаранне можа прыняць урад. Толькі трэба адрозніваць паняцці мараторый і поўная адмена смяротнага пакарання праз змяненне Канстытуцыі — тут неабходны рэферэндум, адзначыў Селядзеўскі:
Але прэс-сакратар Канстытуцыйнага суда Васіль Селядзеўскі цяпер сказаў Еўрарадыё, што ў сённяшніх умовах рашэнне аб мараторыі на смяротнае пакаранне можа прыняць урад. Толькі трэба адрозніваць паняцці мараторый і поўная адмена смяротнага пакарання праз змяненне Канстытуцыі — тут неабходны рэферэндум, адзначыў Селядзеўскі:
"У сучасных умовах пытанне аб адмене смяротнага пакарання ці ўвядзенні мараторыя можа быць вырашанае кіраўніком дзяржавы ці парламентам. Гэта пазіцыя Канстытуцыйнага суда, якая сфармуляваная ў рашэнні ад 11 сакавіка 2004 года".
Еўрарадыё пацікавілася, якая практыка адмены смяротнага пакарання ў Еўропе, і высветліла, што рэферэндумаў там па гэтым пытанні не праводзілі. Пераважна яго адмяняюць заканадаўча, распавяла ў інтэрв'ю Еўрарадыё эксперт "Міжнароднай амністыі" па Беларусі Хэза Макгіл:
"У Англіі — гэта было рашэнне ўрада. Гэта не было праз рэферендум. Узбекістан адмяніў смяротнае пакаранне рашэннем прэзідэнта краіны. Увогуле, вельмі часта гэта — заканадаўчая адмена".
Чаму ж большасць краін не праводзіць рэферэндум?
Хэза Макгіл: "Мы не лічым, што рэферэндум — гэта шлях да адмены смяротнага пакарання. Бо калі спытаць звычайных людзей, яны часцей за смяротнае пакаранне. Мы лічым, што ўрад павінен паказаць маральнае лідэрства і прыняць рашэнне".
Пакуль у Беларусі кажуць пра магчымасць правядзення рэферэндума, "Міжнародная амністыя" не рэкамендуе гэтага рабіць.
Хэза Макгіл: "Мы не рэкамендуем такі крок. Бо насельніцтва не гатовае да рэферэндума. У Беларусі няма інфармацы пра смяротнае пакаранне. Людзі нават не ведаюць, колькі прысудаў выносіцца. Калі няма інфармацы, як яны могуць прыняць рашэнне?".
Нагадаем, у 1996-м годзе ў Беларусі пытанне аб адмене смяротнага пакарання ўжо выносілася на рэферэндум. Тады болей за 80% прагаласавалі супраць яго адмены. Але цяпер вынікі сацыялагічных даследаванняў сведчаць, што пры належным інфармаванні насельніцтва Беларусь можа стварыць прэцэдэнт і адмяніць смяротнае пакаранне праз рэферэндум.
Вось якія дадзеныя паведаміў Еўрарадыё праваабаронца Алег Гулак:
"Зараз мы бачым вынікі сацыялагічных даследаванняў Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Толькі 48% апытаных супраць адмены смяротнага пакарання, 44% — за адмену, 8% устрымаліся".
Нагадаем, што ў снежні 2007 года міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў заявіў, што Беларусь не зможа абысціся без смяротнага пакарання. Ён сказаў, што ў тых краінах, дзе смяротнае пакаранне адмянілі, колькасць забойстваў толькі павялічваецца.
Але, паводле дадзеных "Міжнароднай амністыі", у Нямеччыне прыходзіцца 0,98 забойстваў за год на 100 000 чалавек, у Швецыі — 2,39, у Пакістане — 6,86, а ў Беларусі — 8,31.
Канчатковае рашэнне аб шляху вырашэння праблемы з адменай альбо ўвядзеннем мараторыя на смяротнае пакаранне будуць прымаць беларускія ўлады. Як вядома, яго ўжо даўно чакае Еўропа, з якой наша краіна апошнім часам спрабуе наладзіць нармальныя стасункі.
Але прадстаўнікі "Міжнароднай амністыі" так і не змаглі сустрэцца з кіраўніцтвам адміністрацыі прэзідэнта, бо там “усе вельмі занятыя”.
Вось што распавядае Хэза Макгіл:
"Мы прасілі сустрэчы з міністрам унутраных спраў, з кіраўніцтвам прэзідэнтскай адміністрацыі, але ад МУС мы адказу не атрымалі. А ў адміністрацыі нам сказалі, што не могуць сустрэцца, бо вельмі занятыя ўсе".
Сёння 138 з 192 краін свету абмежавалі смяротнае пакаранне. А сярод краін Еўропы і СНД Беларусь засталася адзінай, якая забівае людзей.
У сваім дакладзе Amnesty International прыводзіць довады, якія сведчаць пра зачыненасць сістэмы выканання пакаранняў, пра існаванне судовых памылак. Смяротнае пакаранне абскарджванню не падлягае, таму бывае што караюць невінаватага чалавека. А бацькам пакаранага нават не паведамляюць дату смерці і месца пахавання.
Поўны тэкст даклада можна паглядзець тут