Міжнародная федэрацыя не прыняла рашэнне пра хакейны ЧС у Беларусі
18 лістапада Міжнародная федэрацыя хакея не прыняла рашэнне пра чэмпіянат свету наступнага года ў Беларусі. Яе кіраўнік Рэне Фазэль заявіў, што "спатрэбіцца больш часу" для аналізу сітуацыі. Будзе паўторны разгляд праблемы.
Як вядома, з-за рэпрэсій у Беларусі супраць іншадумцаў Латвія адмовілася праводзіць сусветнае першынство разам з нашай краінай. Больш таго, кіраўнік нацыянальнай федэрацыі Дзмітрый Баскаў, апантаны прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі, трапіў у латвійскі "чорны спіс". Ёсць пагроза, што частка зборных будуць байкатаваць ЧС, калі Фазэль вырашыць пакінуць яго ў Беларусі.
У сераду на савеце Міжнароднай федэрацыі хакея яе кіраўнік зноў заявіў, што трэба зрабіць "усё магчымае, каб правесці турнір у заяўленых краінах". Але перад гэтым ён хоча пераканацца, што "турнір атрымаецца правесці бяспечна", а гаспадары "будуць гатовы да супрацоўніцтва". "Нам спатрэбіцца больш часу, каб прыняць рацыянальнае рашэнне, заснаванае на даследаванні сітуацыі і ўсёй даступнай нам інфармацыі", — цытуе словы Рэне Фазэля прэс-служба федэрацыі.
Магчымая адмена правядзення чэмпіянату свету ў Беларусі будзе для Аляксандра Лукашэнкі балючым ударам. Фазэль, магчыма, спадзяецца на змену сітуацыі ў нашай краіне да лепшага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.