Мустафа Наем: Моладзь у Мінску больш палітызаваная, чым у Кіеве
Украінскі журналіст, якому пагражаў Віктар Януковіч, распавёў, чаму абмяркоўваць уладу ў Беларусі і ва Украіне павінна не апазіцыя, а грамадства.
Украінскі журналіст Мустафа Наем, які праславіўся сваім нязручным пытаннем прэзідэнту, распавёў Еўрарадыё, як ва Украіне адзначаць 2 гады прэзідэнцтва Віктара Януковіча.
Еўрарадыё: Ці адпомсціў вам Януковіч за няёмкае пытанне?
Наем: На пытанне ён не адказаў, помсціць не стаў і ніякіх наступстваў не было. Наколькі я разумею, гэта была проста бязглуздасць, бо той проста збянтэжыўся.
Еўрарадыё: Вы будзеце праводзіць марафон "Два гады ўмоўна", на якім журналісты ды эксперты збяруцца за адным сталом, каб абмеркаваць два гады прэзідэнцтва Януковіча. Летась таксама быў падобны марафон. Чаму так часта?
Наем: Не надта часта. Мы робім марафон адзін раз на год — роўна ў дзень інаўгурацыі Віктара Януковіча. Самае галоўнае, што ў гэтым марафоне не будуць удзельнічаць палітыкі. Гэта будуць людзі, якія ведаюць рэальнае жыццё ў краіне: мастакі, журналісты — але не тыя, хто палітычна заангажаваны.
Еўрарадыё: Калі Юшчанка быў пры ўладзе, вы таксама ладзілі марафоны, ці да Януковіча адмысловае стаўленне?
Наем. Не, за Юшчанкам не ладзілі. Па-першае, бо не было такіх тэхналогій распаўсюджання сігналу ў інтэрнэце. Але галоўнае — што пры Януковічу гэтага нельга зрабіць на тэлебачанні. Тады не было сэнсу рабіць марафонаў у інтэрнэце, без цэнзуры, каб не рабіць іх на тэлебачанні, бо на тэлебачанні можна было рабіць што хочаш. І на тэлебачанні гэта рабілі: і падводзілі вынікі, і ў крытыцы не было нястачы. Цяпер жа ўсе каналы, прыватныя і дзяржаўныя, прытрымліваюцца нейкага ўзору, і мы не бачым таго, што рэальна адбываецца ў краіне.
Еўрарадыё: А ці ёсць сэнс ладзіць такія марафоны ў Беларусі?
Наем: У Беларусі гэта яшчэ больш актуальна. Калі я быў у Мінску, мяне вельмі здзівіла, што калегі ў Мінску займаюць актыўную пазіцыю. У Кіеве моладзь менш палітычная, як у Мінску. У іх няма такой грамадзянскай пазіцыі адносна таго, што адбываецца. Яны пра гэта даведваюцца, калі гэта тычыцца непасрэдна іх. Наколькі я ведаю, у Мінску вялікая колькасць людзей — і свету мастацтва, і журналістаў — якія хацелі б гэта рабіць. І тым больш не павінны ў гэтым удзельнічаць палітыкі. Апазіцыя ў Мінску — мяне таксама здзівіла, што ў Мінску палітычнае поле прыблізна такое, як у нас грамадскае. У іх таксама няма грамадзянскай пазіцыі, невядома чаго гэтыя людзі хочуць, таму запрашаць іх абмяркоўваць уладу неяк дзіўна. Больш натуральна абапірацца на людзей, якія рэальна ведаюць краіну.
Мустафа Наем на адной з прэс-канферэнцый спытаў украінскага прэзідэнта, чаму яму жывецца ўсё лепш, а народу — усё горш.
Фота: 062.ua, відэа YouTube