Мужчына здаў у міліцыю жанчыну, што збірала подпісы за Народны рэферэндум
Здарэнне адбылося ў Брэсце. Мужчына затрымаў актывістку ў сваёй кватэры і выклікаў міліцыю. Жанчыну завезлі ў РАУС.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў каардынатар грамадскай кампаніі “Гавары праўду” па Брэсце Ігар Маслоўскі, які ездзіў вызваляць жанчыну.
Маслоўскі: "На мой погляд, звычайны грамадзянін не меў ніякага права фізічна затрымліваць чалавека, зачыняць дзверы. Наша актывістка не рабіла нічога супрацьзаконнага. У бліжэйшы час мы звернемся ў праваахоўныя органы. Пагатоў, ёсць яшчэ адна нагода — былі забраныя чатыры падпісныя лісты. Мы будзем прасіць, каб нам вярнулі гэтыя лісты і высветлілі абставіны затрымання нашай актывісткі ў кватэры".
Са словаў Маслоўскага, міліцыянты склалі на зборшчыцу подпісаў пратакол апытання, а ён пісьмова патлумачыў законнасць збору подпісаў. Жанчына знаходзіцца ў шоку ад здарэння.
Нагадаем, што арганізатары акцыі прапануюць падтрымаць вынясенне на рэферэндум пытанняў пра бясплатнасць дзяржаўнай адукацыі і аховы здароўя, выбарнасць кіраўнікоў выканаўчых органаў мясцовай улады, курс на інтэграцыю з ЕС, неразмяшчэнне на тэрыторыі Беларусі вайсковых базаў трэціх краін, абмежаванне знаходжання на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі і падкантрольнасць прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.
Фота з сацыяльных сетак