Музыкант Антоненка, які падазраецца ў забойстве Паўла Шарамета, узяты пад варту
Андрэй Антоненка, які падазраецца ў забойстве Паўла Шарамета / hromadske
Пячэрскі суд Кіева выбраў меру стрымання для былога вайскоўца, а цяпер музыканта Андрэя Антоненкі, які падазраецца ў забойстве журналіста Паўла Шарамета. Ён узяты пад варту на два месяцы без магчымасці ўнесці заклад. Следства называе Антоненка арганізатарам узброенай групоўкі, якая і здзейсніла забойства, пра гэта з залы суда перадае hromadske.
Матывам для забойства нібыта стала захапленне Антоненкі "ультранацыяналістычнымі ідэямі" і культывацыя "велічы арыйскай расы і размежавання грамадства па прынцыпе нацыянальнай прыналежнасці". Па версіі следства, музыкант, імкнучыся прыцягнуць увагу да сваіх поглядаў, сабраў арганізаваную злачынную групу, каб у яе складзе здзейсніць забойства Паўла Шарамета.
Следчыя мяркуюць, што менавіта Антоненка ўзяў на сябе функцыі арганізатара і кіраўніка групоўкі і далучыў да яе хірурга Юлію Кузьменка і вайсковую медсястру Яну Дугарь, а таксама іншых фігурантаў справы, мера стрымання якім была абраная раней. Ён нібыта забяспечыў удзельнікаў групы транспартам, ажыццяўляў збор і аналіз інфармацыі пра Шарамета, вызначыў час здзяйснення злачынства.
У судзе падазраваны адзначыў, што ён не падобны на чалавека з відэа з матэрыялаў справы аб забойстве Паўла Шарамета. Аднак суд задаволіў хадайніцтва пракуратуры і заключыў Антоненку пад варту. Група падтрымкі Антоненкі пры гэтым паводзіла сябе агрэсіўна. Яны крычалі, пагражалі пракурорам і выкарыстоўвалі ненарматыўную лексіку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.