“Мы маем справу з чарговай Катынню”: Арастовіч і Падаляк пра абстрэл Аленаўкі
Абстрэл калоніі ў Аленаўцы — старанна спланаваны ўдар, нанесены расійскімі войскамі. У гэтым ўпеўненыя ў Офісе прэзідэнта Украіны.
“Несумненна, гэтае злачынства супраць чалавечнасці дадасць рашучасці амерыканскаму кіраўніцтву прызнаць Расію дзяржавай-фундатарам тэрарызму, а міжнароднае правасуддзе — рашучасці дагнаць вінаватых.
Па сутнасці, мы маем справу з чарговай Катынню — масавым забойствам ваеннапалонных”, — паведаміў дарадца Офісу Аляксей Арастовіч. Ён дадаў, што адна з мэтаў удару — схаваць доказы катаванняў і забойстваў у калоніі.
Пра ўдар па Аленаўцы таксама выказаўся яшчэ адзін дарадца Офіса прэзідэнта — Украіны Міхаіл Падаляк. Ён нагадаў, што ў Аленаўцы няма ваенных мэт, якія прадстаўлялі б цікавасць для ВСУ. Ён таксама падкрэсліў "маштабнасць і хуткасць інфармацыйнай кампаніі з боку расійскіх прапагандыстаў".
“Класічная, цынічная і прадуманая false flag operation. Спланаваны ўдар, нанесены расійскімі войскамі, каб абвінаваціць Украіну. Нам вядома, што Расея перавела частку ўкраінскіх абаронцаў у гэты барак за дні да пападання і зафіксаваных абстрэлаў з расійскага боку.
Мэта гэтага злачынства — інфармацыйная дыскрэдытацыя Украіны ў вачах партнёраў і зрыў паставак зброі. Але перш за ўсё гэта наўмыснае, цынічнае, пралічанае масавае забойства ўкраінскіх палонных, якое патрабуе жорсткага расследавання”, — напісаў ён.
Падаляк заклікаў да рэакцыі ААН і міжнародныя арганізацыі.
Раней у так званай "ДНР" заявілі пра нібыта ўкраінскі абстрэл калоніі ў Аленаўцы, дзе трымаюць палонных "азоўцаў". Паводле сепаратыстаў, там загінулі 40 украінскіх вайскоўцаў, дзясяткі атрымалі траўмы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.