Мядзведзеў параіў расіянам не ідэалізаваць беларускі бізнэс
Такую заяву кіраўнік расійскага ўраду зрабіў у часе круглага стала на тэму “Інвестклімат у рэгіёнах” у Сочы.
Дзмітрый Мядзведзеў параіў дзелавым людзям не ідэалізаваць ўмовы вядзення бізнэсу ў партнёраў па Мытным саюзе. Па яго словах, “у таварышаў з Беларусі і ў Казахстана ёсць свае вартасці, але ёсць і свае праблемы”.
Мядзведзеў расказаў, што прадстаўнікі бізнэс-супольнасці, крытыкуючы расійскую падатковую сістэму, прыгразілі масава перарэгістраваць свае кампаніі ў Беларусі. Але калі справа дайшла да практычнай рэалізацыі, адзін з ініцыятараў такога дэмаршу рэзка змяніў сваю пазіцыю, канстатаваўшы: “Не, лепш ужо хай яны да нас”.
Такім чынам расійскі прэм’ер-міністр адрэагаваў на выказванне аднаго з удзельнікаў імпрэзы пра тое, што, маўляў, у канкурэнтаў з Беларусі значна больш выгадныя прэферэнцыі да дзейнасці ў свабодных эканамічных зонах, чым у Расіі. Пры гэтым прадстаўнікі расійскага ўраду вымушаныя прызнаць, што ўсё больш прывабнай пляцоўкай для прадпрымальнікаў становіцца Казахстан.
Кіраўнік Мінэканомразвіцця Аляксей Улюкаеў адзначыў, што шэраг бізнэсаў сапраўды перарэгістраваліся ў Казахстане, бо ў гэтай краіне “стаўкі ніжэйшыя амаль па ўсім фронце падаткаў”. Чыноўнік не выключыў, што ўжо ў самы бліжэйшы час Расія можа сутыкнуцца з рэальнай праблемай “уцечкі капіталу”, інфармуе Радыё Свабода.