Мяне запэўніваюць: "Шнур змяніўся, стаў "зайкам" і "паінькам". Я не ўпэўнены!"

Начальнік аддзела па справах мастацтва Мінгарвыканкама Ўладзімір Анціповіч прызнаецца, што сам слухае AC/DC, Metallica, Queen, і тлумачыць Еўрарадыё, чаму ў Мінску не пабачаць выступ Сяргея Шнурава. Аказваецца, Сяргей Шнураў са сваім новым праектам — гуртом “Рубль” даўно і настойліва збіраецца да нас. Аднак, па словах начальніка аддзела па справах мастацтва Мінгарвыканкама, шанцаў у яго амаль няма. Заплямленае мінулае спевака і яго рэпутацыя чалавека скандальнага палохаюць сталічныя ўлады:


Уладзімір Анціповіч: “Маральнасць! Пагроза маральнасці. А што, не? Яны мяне ўсё запэўніваюць: “Вось, Шнур змяніўся, стаў “зайкай” і “паінькай”. Я не ўпэўнены. І асабіста я гэтага не забараняю. Не я сяджу тут, як кароль, які вырашае – даваць дазвол ці не даваць. Шмат хто хоча прывезці Шнурава з канцэртам, але ён сябе так зарэкамендаваў, што не ведаеш, чаго ад яго чакаць”.

Пад пагрозай маральнасці Анціповіч мае на ўвазе вядомыя тэксты Шнурава. Такое не для нашых еўрапейскіх вушэй:

“Я не ведаю, можа вам падабаецца, але асабіста мне непрыемна такое чуць. Калі недзе там у лесе матам лаюцца – ну бывае, а калі са сцэны... Тым больш, сталічнай. Ладна Расія, там увогуле свае законы. А Беларусь ёсць Беларусь. Трэба ж неяк быць крыху еўрапейцамі, больш цывілізаванымі. Калі ўсякае такое выпускаць, так можа дайсці ўвогуле невядома да чаго. Давайце тады і парнаграфію ўстроім на сцэне, чаму не?”

Па словах чыноўніка, калі на камісію па прадухіленню парнаграфіі, жорсткасці і гвалту будзе афіцыйна выстаўлена абмеркаванне канцэрта Шнурава, яе заключэнне вядома загадзя:

“Да мяне прыходзяць з мэтай “сарваць банк” – бо ведаюць, што квіткі на 100% прададуцца. Я кансультаваўся з рознымі інстанцыямі, бо не толькі ж я прымаю такія рашэнні. І мне было сказана, што гэты канцэрт непажадана праводзіць”.

А вось пра чуткі, нібыта ў лік “непажаданых” трапіў гурт “Звери”, Анціповіч чуе ўпершыню:

“Не ведаю, пра “Зверей” у мяне ніхто не пытаўся. Мне казалі: “Ну не адзін жа ж Шнураў лаецца, “Звери” таксама! Пра гэты гурт я дакладна нічога не чуў, а вось пра Шнурава ўжо хто толькі не пісаў. Я не выключаю: амерыканскія гурты таксама “факі” розныя ў песні ўстаўляюць. Гэта ж рок-музыка. Ну, калі тыя ж “Звери” і ляпнулі нешта паўцэнзурнае – ніхто ж не забараняе. А ў Шнурава ўся творчасць на гэтым пабудавана. Таму ён і стаў такім папулярным”.

Цікава, што пры гэтым сталічны чыноўнік называе сябе заложнікам сітуацыі. Бо не толькі ад яго залежыць ці дазваляць канцэрт. Але на яго будуць спасылацца.

“Тым больш, – перажывае Анціповіч, – грамадзяне пачнуць пісаць: як Мінгарвыканкам мог дапусціць такое. Гэта ж будзе ажыятаж! І людзі пойдуць на канцэрт! І ўсе будуць чакаць гэтай “клубнічкі”, таму што Шнурава звязваюць толькі з гэтым. Ды абы што ў яго і творчасць, і мелодыі! Усе ідуць паслухаць вось гэта хуліганства”.

На пытанне, ці не было падобных інцыдэнтаў з беларускімі гуртамі, спадар Анціповіч упэўнена адказвае: гэта даўно ў мінулым. Калі музыкант прыносіць усе дакументы, гастрольнае пасведчанне выдаецца “за адну секунду”. Нават калі па законе справу трэба разглядаць 5 дзён.

“Не, нашы ўвогуле не лаюцца. Яны і не тое каб былі забароненыя раней. Проста ўсе гэтыя нашы былыя “байцы” занадта адпрацоўвалі амерыканскія грошы. Вось кінулі “фігнёй” займацца – і ніякіх праблем! І “Палацы”, і “Крамы”, і “N.R.M-ы” – усе выступаюць, ніхто іх не забараняе. Няхай мне плюнуць у вочы, калі я кагосьці забараніў. Такога не было. Я ведаю, што на канцэртах гуртоў, якія граюць black-metal, таксама могуць лаяцца. Але ж тое закрытыя памяшканні клубнага тыпу! У нас поўная дэмакратыя ў гэтым плане: што хочаш – твары! Нешта нецэнзурнае можа “вырвацца” і ў Кіркорава – сам гэта чуў!”.

Чыноўніка хвалюе, што непрыстойны прыклад Шнурава могуць упадабаць нашы “маральна свядомыя” гурты:

“Ён прыедзе, палаецца тут, а пасля нашы гурты скажуць – а чаму мы не? Дык што, такі густ у насельніцтва развіваць? Тым больш, у Шнурава, таксама як і ў мяне, расце сын. Во бацька! Класны выхавацель! Я б не хацеў, каб мой сын такі канцэрт чуў”.

Сам Уладзімір Анціповіч прызнаецца Еўрарадыё, што ён прыхільнік старой рок-школы. Ён слухае Rainbow, AC/DC і Metallica, Queen, Led Zeppelin, Deep Purple!!!

Уладзімір Анціповіч: “Калі раней рок-музыка была абсалютна зразумелай – рок-н-рол і хард-рок, то цяпер гэта вельмі адноснае паняцце. Я – выхаванец школы classic rock. Я вось з задавальненнем хадзіў на канцэрт “Rainbow”, калі яны прыязджалі ў Мінск, з задавальненнем бы схадзіў на Озі Озбарна. Калісьці даўно ў Маскве я быў на канцэрце AC/DC і Metallica, Queen, Led Zeppelin, Deep Purple і г.д.”.

Свайго сына Анціповіч “ганяе” за рэп-музыку, спрабуе прывіць яму музычны густ:

“Не меламан ён нейкі. Ён-то слухае ўсё, але ў асноўным рэп. Я кажу яму: ты – еўрапеец, а слухаеш негрыцянскую музыку. Ты паглядзі на гэты рэп! Таксама “факі” праз “факі”, ні мелодыі, нічога. Толькі спушчаныя штаны. Ён мне адказвае, што я нічога не разумею... Я лічу, што гэта такая мода цяпер, хто яго ведае, што там будзе пасля. Прынамсі, я проста спрабую яму патлумачыць, што добра, а што дрэнна”.


Фота — yacovlev.narod.ru і БелГазета

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі