МЗС адклікае амбасадара ў Лондане, але захоўвае добрыя "міжчалавечыя кантакты"
На наладжванне адносінаў разлічваюць "пасля заканчэння цяперашняга ўнутрыпалітычнага шоу" і з'яўлення "адказных палітыкаў" / pixabay, фота ілюстрацыйнае
МЗС панізіў статус адносінаў з Вялікабрытаніяй. Цяпер замест амбасадара ў дыппрадстаўніцтве ў Лондане будзе працаваць часовы павераны.
Сярод прычынаў МЗС называе санкцыі, абмежаванне на працу беларускіх дзяржаўных журналістаў, забарону на палёты "Белавія", а таксама адмову выдаць візы беларускім парламентарыям на пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
"У сувязі з цэлым шэрагам варожых недружалюбных крокаў Вялікабрытаніі, сістэмна нацэленых на нанясенне максімальнай шкоды беларускім грамадзянам і юрыдычным асобам, прынятае рашэнне пра паніжэнне ўзроўню дыпламатычнага прадстаўніцтва нашай краіны ў Лондане да Часовага паверанага ў справах", — гаворыцца ў каментары афіцыйнага прадстаўніка ведамства Анатоля Глаза, апублікаваным на сайце МЗС.
Пры гэтым МЗС заяўляе, што "міжчалавечыя кантакты з брытанцамі" застаюцца добрымі. І імкненне наладжваць іх будзе заахвочвацца "ў тым ліку шляхам спрашчэння свабоды перамяшчэння". Што менавіта маецца на ўвазе пад гэтым "спрашчэннем", у ведамстве не тлумачаць.
Глаз таксама адзначае, што "каналы камунікацыі" з Лонданам застаюцца адкрытыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.