На 80% акругаў выбары будуць безальтэрнатыўнымі (інфаграфіка)

На мясцовыя выбары свае кандыдатуры вылучылі больш за 22 тысячы кандыдатаў. Калі на першы погляд падаецца, што шмат, то гэта не так. У нас амаль 19 тысяч акругаў. А гэта значыць, што на большасці з іх выбары будуць безальтэрнатыўнымі. Прычыну тлумачыць сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

"Гэта ў асноўным акругі ў саветах першаснага ўзроўню: сельскіх і пасялковых саветах. Можа, адчуваючы асаблівую ўвагу да дэпутата з боку сваіх аднасяльчан і разумеючы, што не ўсё ён можа зрабіць, што яны жадаюць, напэўна, адказна падыходзячы да такога рашэння, многія не ідуць кандыдатамі ў дэпутаты".

Самыя безальтэрнатыўныя выбары будуць у сельсаветах, тут у 90% акругаў за пасаду будзе змагацца толькі адзін кандыдат. 80% акругаў у раённых гарадах і 70% акругаў у раёнах будуць безальтэрнатыўнымі.

Выбары з двума ці больш кандыдатамі пройдуць толькі у аблсаветы і гарсаветы вялікіх гарадоў, кажа Лазавік.

"У гарадах абласнога падпарадкавання, у нас такіх 10 гарадоў, гэта сталіцы абласцей, плюс такія гарады, як Наваполацк, Баранавічы, Пінск, Жодзіна, Бабруйск, тут конкурс дастаткова высокі, тут жадаючых быць дэпутатамі дастаткова, яшчэ больш у Мінску".

Цікава, што каля паловы кандыдатаў ідуць на другі тэрмін, а большасць з іх (95%) старэйшыя за 30 гадоў. Маладых кандыдатаў зусім мала. Яшчэ менш кандыдатаў выставіла на выбарах апазіцыя. АГП — 81 кандыдат, БНФ — толькі 27, гэта ў суме не пакрывае нават працэнта ўсіх акругаў.

Анатоль Лябедзька тлумачыць, што шмат кандыдатаў засеклі на этапе рэгістрацыі. Інтарэс да гэтых выбараў у партыйцаў не высокі, таму вырашылі выстаўляць сваіх кандыдатаў толькі ў вялікіх гарадах.

"Адсутнасць моцнай матывацыі ў людзей прымаць удзел у выбарах, якіх няма. Тым не менш, мы падалі на рэгістрацыю 125 чалавек. Рэгістрацыю прайшоў 81. У нас былі вельмі моцныя зачысткі. Напрыклад, у Бабруйску, дзе мы планавалі арганізаваць працу нашых спікераў у сувязі з пілотным праектам "праймерыз", там нас зачысцілі на сто адсоткаў".

Дарэчы, жанчын балатуецца менш, чым мужчын, прыкладна, 47%, 26 кандыдатаў грамадзяне Расіі (на мясцовых выбарах дазваляецца балатавацца і замежнікам), а ў сярэднім па краіне каля 80% акругаў безальтэрнатыўныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі