На Алімпіяду ў Парыж не пусцілі беларускіх тхэквандыста і цяжкавагавіка?
Алімпійскія гульні ў Парыжы
МАК апублікаваў спіс беларускіх і расійскіх атлетаў, дапушчаных на Алімпіяду ў Парыжы. У ім няма тхэквандыста і цяжкавагавіка з Беларусі, якія атрымалі Алімпійскія ліцэнзіі.
Да спаборніцтваў у нейтральным статусе дапушчаныя 11 спартоўцаў з беларускімі пашпартамі. У спісах па веласпорце і скачках на батуце пералічаныя ўсе беларусы, якія прайшлі кваліфікацыю. А вось у спісе беларускіх тхэквандыстаў, якія паедуць на Алімпійскія гульні, пуста — хаця ў Георгія Гурцыева і ёсць Алімпійская ліцэнзія.
Тое самае з цяжкай атлетыкай. У спісе ўдзельнікаў Алімпіяды-2024 адсутнічае Эдуард Зязюлін. Допуск атрымалі толькі Яўген Ціханцоў і Сюзанна Валадзько.
Пры канцы старонкі ёсць заўвага, што спіс будзе дапаўняцца. Але незразумела, адносіцца яна да ўсіх відаў спорту ці толькі да барацьбы, у якой беларусаў таксама заўважна не хапае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.