На Алімпіядзе-2018 плануюць выступіць 29 беларускіх спартоўцаў
У XXIII зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане ад Беларусі плануюць выступіць 29 атлетаў у шасці відах спорту: біятлон, гарналыжны спорт, канькабежны спорт, лыжныя гонкі, фрыстайл, шорт-трэк. Ва ўсіх астатніх відах спорту ліцэнзіі беларусаў з'яўляюцца прамежкавымі. Пра гэта было абвешчана на пасяджэнні выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта 16 студзеня.
На пасяджэнні абмяркоўвалася гатоўнасць беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды-2018. Быў зацверджаны папярэдні склад спартыўнай дэлегацыі і камплект спартыўнай экіпіроўкі агульнага прызначэння для каманды.
Канчатковая колькасць ліцэнзій на зімовую Алімпіяду будзе вядомая напрыканцы студзеня.
Склад удзельнікаў Гульняў у фрыстайле і лыжных гонках вызначыцца пасля 23 студзеня па выніках удзелу ў спаборніцтвах згодна міжнароднаму рэйтынгу.