На аўторак сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі
На 11 чэрвеня па ўсёй Беларусі абвясцілі штармавое папярэджанне.
Да сярэдзіны тыдня ў Беларусі пахаладае, а дажджы спыняцца. У аўторак абвешчанае штармавое папярэджанне з аранжавым узроўнем небяспекі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік службы прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.
На большай частцы тэрыторыі прагназуюцца картокачасовыя дажджы і навальніцы, месцамі моцныя залевы. А па Гомельскай і Магілёўскай абласцях чакаецца град. Падчас навальніцаў чакаецца ўзмацненне ветра да 15-29 метраў за секунду. Тэмпература паветра ў аўторак +18...+23, па паўднёвым усходзе да 27 градусаў.
Па Мінску таксама абвешчаны аранжавы ўзровень. Кароткачасовыя дажджы, навальніцы, уначы і раніцай слабы туман. Вецер паўднёва-заходні з пераходам на паўночны 4-9 м/с, да 14 м/с падчас навальніцаў. Уначы 10-12 цяпла, удзень 20-22 градусы вышэй за нуль.
Актыўны халодны атмасферны фронт ідзе на усход па тэрыторыі Беларусі. Таму ўжо ў сераду стане прахалоднее, асабліва ўначы, а з ростам атмасфернага ціску дажджы спыняцца.
У сераду уначы +7...+13, удзень толькі +17...+23. У чацвер +5...+11 уначы, удзень да 25 градусаў цяпла.
Рабаў: "У чацвер і пятніцу мы будзем знаходзіцца пад абаронай антыцыклона, таму дажджы будуць малаверагодныя".
Уначы ў пятніцу +4...+10, удзень +22...+28.
Да выходных пацяплее, атмасферны ціск знізіцца, не выключаныя кароткачасовыя дажджы з навальніцамі ў некаторых раёнах. Уначы ў суботу і нядзелю +7...+14, удзень +22...+27, па поўдні краіны да +29.
Фота — bymedia.net