На беларускіх ЛЭП сёлета паставяць больш за 200 платформаў для буслянак

Бусел, ілюстрацыйнае фота

Бусел, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Сёлета на апорах ЛЭП энергетыкі паставяць больш за 200 платформаў для буслянак, паведамляе прэс-служба Мінэнерга.

Асноўная частка работ праводзіцца ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях — там фіксуецца высокая шчыльнасць гнездавання птушак. Аптымальныя месцы для ўсталявання платформаў вызначаюцца з улікам звестак прыродаахоўных ведамстваў і арнітолагаў.

У Беларусі гняздуецца больш за 20 тысяч пар белых буслоў. Птушкі нярэдка робяць свае буслянкі на апорах ліній электраперадачы. Але волкасць і цвіль пад гнёздамі прыводзяць да акіслення і пагражаюць парушыць ізаляцыю правадоў, могуць стаць прычынай кароткіх замыканняў і адключэнняў.

Павышаную рызыку ствараюць шматгадовыя гнёзды, якія важаць 300 кг і больш. Прасядаючы, яны могуць абарваць драты. Энергетыкі звяртаюць на іх асаблівую ўвагу.

Штучныя платформы для буслянак мацуюць на бяспечнай адлегласці ад токаводных частак. Іх размяшчэнне не пагражае перабояміі ў падачы электрычнасці. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі