На БТ выгляд Гуркова з Пагоняй і дзяржаўным сцягам назвалі арганічным
13 чэрвеня ў праграме "Форум" на тэлеканале "Беларусь 1" з Дзмітрыем Бачковым высвятлялі, што такое нацыянальная беларуская ідэя і наколькі яна важная ў эпоху глабалізацыі. У дыскусіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўладаў і апазіцыі, сярод якіх былі Рыгор Кастусёў, Андрэй Дзмітрыеў, Алег Гайдукевіч, рэктар Акадэміі музыкі Кацярына Дулава, палітолаг Вадзім Баравік, гісторык Ігар Марзалюк, бізнесмен Аляксандр Кныровіч, дэпутат Дзмітрый Шаўцоў, эканаміст Яраслаў Раманчук і іншыя.
У працэсе "пошуку" нацыянальнай ідэі вядучы Дзмітрый Бачкоў згадаў спартсмена і музыку Віталя Гуркова: ён быў запрошаны да ўдзелу ў праграме, але не змог прыехаць з-за гастроляў гурта Brutto. Вядучы згадаў нядаўнюю гісторыю з Гурковым, калі той перамог на чэмпіянаце свету па муай-тай і выйшаў за медалём у цішотцы з Пагоняй і чырвона-зялёным сцягам на плячах.
"І чамусьці гэта выглядала абсалютна арганічна", — заўважае вядучы. Яго падтрымлівае Кацярына Дулава, рэктар Акадэміі музыкі:
"...Нам каштоўнае абсалютна ўсё, Дзмітрый. "Пагоня" тут, дзяржаўны сцяг тут — гэта ж сведчанне таго, што чалавек вось так цэльна ўспрымае сваю гісторыю".
Віталь Гуркоў узышоў на п’едэстал з дзяржаўным сцягам і з “Пагоняй”