На дзіцячае "Еўрабачанне-2008" ад Беларусі паедзе трыо

Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2008" прадставіць трыо. У яго ўвойдуць 12-гадовая Дар'я Надзіна, 11-гадовая Аліна Молаш і 12-гадовая Карына Жуковіч. Пераможцы сталі вядомыя па выніках фінальнага гала-канцэрту рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання", які праходзіў 12 верасня ў прамым эфіры Першага канала. Песня-пераможца — "Сэрца Беларусі" — была вызначаная па выніках тэлефоннага галасавання тэлегледачоў і прафесійнага журы (50% на 50%). Так, Брэсцкая, Менская вобласці і Менск паставілі вышэйшую адзнаку трыо пераможца, Віцебская вобласць — Серафіме Кавалёвай, Гомельская вобласць — Дыяне Грамавой, Гродзенская – Аляксандры Стэльмах, Магілёўская — Аліне Мошчанка. Прафесійнае журы, якое ўзначаліў народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, аддало першае месца вышэйзгаданаму трыо.

У фінале рэспубліканскага конкурсу выступілі 10 юных выканаўцаў, якія былі абраныя журы па выніках конкурснага выступу. Усяго сёлета для ўдзелу ў конкурсе "Песня для Еўрабачання" было пададзена каля 80 заявак.

Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2008" пройдзе 22 лістапада ў Лімасоле (Кіпр), нагадвае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі