На кіеўскі Майдан рухаюцца тысячы людзей з рэгіёнаў, ДАІ спыняе аўтобусы
Напярэдадні ў многіх буйных гарадах Заходняй Украіны была абвешчаная "мабілізацыя". На дапамогу кіеўскім пратэстоўцам едуць дэпутаты і простыя людзі.
Мяркуецца, што сёння ў сталіцу адтуль можа прыехаць да 100 тысяч чалавек. Уначы ў Кіеўскай вобласці ДАІшнікі спынілі дзевяць аўтобусаў, у якіх ехалі 380 чалавек. Нібыта, туды выехаў чаркаскі "Беркут", паведамляе тэлеканал ТСН. Тры аўтобусы здолелі прарвацца ў Кіеў.
На Майдане Незалежнасці ўначы было шматлюдна. З улікам людзей з рэгіёнаў там знаходзілася 5-10 тысяч чалавек. Яны ахоўвалі адноўленыя барыкады, аднак перасоўвання спецназу ў цэнтры сталіцы заўважана не было.
На барыкадах гуртуюцца сотні "афганцаў", якія ў першых шэрагах адбівалі штурм у ноч на 11 снежня. Паводле слоў іх кіраўнікоў, сёння ветэранаў, якія прайшлі "гарачыя кропкі", стане больш у некалькі разоў. Яны абяцаюць зрабіць усё магчымае, каб не адбылося праліцця крыві.