На пажары ў Мсціслаўскім раёне загінула дзіця
Наступствы пажару
Два чалавекі загінулі на пажары, які адбыўся вечарам у панядзелак у вёсцы Каробчына Мсціслаўскага раёна. Гэта мужчына 34-х гадоў і чатырохгадовы хлопчык.
Загарэўся прыватны дом. Мужчына і двое дзяцей, хлопчык і 10-гадовая дзяўчынка, спалі. Мужчына — іх айчым. Апошні месяц ён не працаваў, даглядаў малодшае дзіця, якое не хадзіла ў сад, распавялі ў Следчым камітэце. Маці дзяцей у той вечар была на працы.
Калі пачаўся пажар, дзяўчынка прачнулася, спрабавала вынесці брата з дому, але не змагла. Яна пабегла да суседзяў па дапамогу. Але да таго моманту дарослыя ўжо не змаглі зайсці ў дом і выклікалі МНС. Дзяўчынка зараз у вельмі цяжкім стане ў бальніцы.
Суседзі распавялі следчым, што мужчына паліў і выпіваў, але ў цэлым яны ахарактарызавалі сям'ю "здавальняюча". Следчыя не выключаюць, што да пажару магло прывесці неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.