На пажары ў Жлобіне з зачыненага пакоя выратавалі двух дзяцей (фота)

20 чэрвеня пасля 15-й вахцёр інтэрната Камунальнага даччынага жыллёва-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства "Жылкамсервіс-2" выклікала ратавальнікаў на пажар, паведамляе прэс-служба МНС.

Потым жанчына паднялася на другі паверх паглядзець памяшканне, дзе спрацаваў пажарны апавяшчальнік. Каля пакоя, адкуль паступіў сігнал, яна пабачыла задымленне ў тамбуры. Дзверы ў тамбур былі адчыненыя, а ў пакой — зачыненыя, прычым ключ знаходзіўся ў замку. Жанчына пачула за дзвярыма дзіцячыя галасы. У пакоі яна знайшла двух маленькіх хлопчыкаў і падпаленую канапу. У памяшканні было моцнае задымленне. Вахцёрка забрала з сабой абодвух хлопчыкаў — двух- і трохгадовага. Дзеці пры здарэнні не пацярпелі.

Маці хлопчыкаў распавяла, што выйшла да суседзяў на гэтым жа паверсе, каб памыць бялізну. Яе не было 5-10 хвілін.

Пачуўшы гук пажарнай сігналізацыі, з інтэрната самастойна эвакуяваліся 84 чалавекі. Ратавальнікі, якія прыбылі да месца выкліку праз чатыры хвіліны, вывелі з пакоя на задымленым паверсе яшчэ трох чалавек.

Пажар быў аператыўна ліквідаваны. Агонь пашкодзіў мэблю, пацярпелых няма.

Ратавальнікі мяркуюць, што пажар узнік праз тое, што дзеці ўключылі электракіпяцільнік у сетку.

Фота — mchs.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі