На сілавікоў Беларусі, якія збіваюць людзей, прапануюць выдаць ордэры Інтэрпола

На сілавікоў Беларусі, якія збіваюць людзей, прапануюць выдаць ордэры Інтэрпола

16 кастрычніка Камітэт па замежных справах Еўрапарламента разам з падкамітэтам па правах чалавека правёў слуханні наконт таго, як змагацца з беспакаранасцю сілавікоў за ўжыванне гвалту супраць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі.

"Людзі на вуліцах патрабуюць міжнароднай справядлівасці, таму што правасуддзе ўнутры Беларусі для іх недаступна. Галоўнае пытанне — як можна пераадолець гэтую беспакаранасць, бо цяпер звычайныя амапаўцы не баяцца здзяйсняць гэтыя злачынствы", — перадае DW выступ Андруса Кубілюса, сустаршыні дэлегацыі Еўрапарламента "Еўранэст".

Беларускі погляд на сітуацыю выказвалі анлайн два праваабаронцы старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" (зачыненага ўладамі) Алесь Бяляцкі і прадстаўнік "Беларускага Хельсінкскага Камітэта" Гары Паганяйла.

Бяляцкі расказаў, што пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка, дэманстрацыі разганялі з "асаблівай жорсткасцю". 11 кастрычніка затрымалі больш за 600 пратэстоўцаў, а ў панядзелак супраць пенсіянераў ужылі святлошумавыя гранаты і слезацечны газ. Рэакцыю сілавікоў ён называе неадэкватным ужываннем гвалту. Ён заклікаў Еўрасаюз пашырыць санкцыйны спіс і ўключыць тых, "хто ўчыняе злачынствы, прыкрываючыся ўладай". 

Латвійскі еўрадэпутат з фракцыі сацыял-дэмакратаў Нільс Ушакоўс адзначыў, што пратэстоўцаў мала суцешыць, што міліцыянт, які пабіў іх, не трапіць у ЕС або з'явіцца перад судом праз 20 гадоў. Таму ён прапанаваў даваць больш стыпендый студэнтам з Беларусі, а для беларусам, вымушаных з'ехаць з радзімы, ствараць магчымасці адкрыць бізнес або знайсці працу ў Еўрасаюзе.

Еўрасаюз не хоча ўводзіць сектаральныя санкцыі, каб не нашкодзіць грамадзянам Беларусі. Бяляцкі заклікаў выкарыстаць кропкавыя эканамічныя санкцыі супраць "карумпаваных алігархаў з вузкага кола Аляксандра Лукашэнкі", якія маюць бізнес у ЕЗ. На яго думку, гэта дапаможа ў вызваленні палітвязняў і падштурхне Лукашэнку да перамоваў з апазіцыяй.

У сваю чаргу Паганяйла нагадаў, што па 2000 заяў на дзеянні сілавікоў у Беларусі не пачалі ніводнай крымінальнай справы. Для прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ён прапанаваў скарыстацца універсальнай крымінальнай юрысдыкцыяй. Паганяйла лічыць, што Інтэрпол можа выдаць ордэры на арышт сілавікоў па заявах людзей, якія выехалі з Беларусі ў Польшчу і Літву. Гэта, на яго думку, можа змяніць сітуацыю ўнутры нашай краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі