На сямейны капітал ужо вылучана больш за мільён долараў
Рахункі адкрытыя на 116 беларускіх сем'яў.
У Беларусбанку адкрытыя першыя дэпазітныя рахункі для шматдзетных сем'яў па праграме сямейнага капіталу, піша "Комсомольская правда". Супрацоўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка паведаміла, што рахункі адкрытыя 116 шматдзетным сем'ям на агульную суму 1 млн 160 тысяч долараў.
Паведамляецца, што за сакавік і красавік паступіла 1857 заяваў аб прызначэнні сямейнага капіталу. З іх 787 заяваў былі задаволеныя, а на адну было прынятае рашэнне аб адмове ў прызначэнні.
Нагадаем, што часовая праграма сямейнага капіталу пачала дзейнічаць сёлета. Яна разлічаная да 31 снежня 2019 года. Аднаразовая дзяржаўная выплата ў 10 тысяч долараў налічваецца кожнай сям'і, у якой нараджаецца трэцяе або наступнае дзіця. Скарыстацца грашыма можна толькі пасля таго, як гэтаму дзіцяці споўніцца 18 гадоў.
Фота — kp.by