На ўкраінскіх пратэстоўцаў могуць кінуць армейскі дэсант
Чарговую гучную заяву зрабіў вядомы ўкраінскі апазіцыянер, былы міністр абароны палкоўнік Анатоль Грыцэнка.
Паводле яго інфармацыі, урад перадае два армейскія падраздзяленні ў склад унутраных войскаў МУС. Нібыта, міністр абароны Павел Лебедзеў атрымаў такое распараджэнне раніцай 27 студзеня. Ён мусіў тэрмінова перадаць у склад унутраных войскаў 95-ю асобную паветрана-дэсантную брыгаду (яна дыслакуецца ў Жытоміры) і 25-ю асобную паветрана-дэсантную брыгаду з Днепрапятроўска.
"Міністр абароны рыхтуе дырэктыву на перадачу, аднак ён унёс пэўныя ўласныя карэктывы: ўнутраным войскам павінны перадаць 25-ю асобную Днепрапятроўскую паветрана-дэсантную брыгаду, а вось замест Жытомірскай брыгады Лебедзеў вырашыў перадаць 79-ы асобны аэрамабільнай полк (Мікалаеў). Інфармацыя праверана і дакладная. З надзейных крыніц у Кабінеце міністраў і Міністэрстве абароны", — цытуе словы Грыцэнкі сайт news.liga.net.
Як вядома, унутраныя войскі выкарыстоўваюцца ў супрацьстаянні з пратэстоўцамі ў Кіеве і іншых гарадах Украіны.