На вуліцах Віцебска аўтамабілістам раздавалі расійскія сцяжкі (фота)
Гэтую акцыю назіраў мясцовы праваабаронца Павел Левінаў.
У каментары Еўрарадыё ён адзначыў, што год таму яшчэ не звярнуў бы ўвагі на такую акцыю. Але цяпер яго насцярожыла тое, што Расія фактычна вядзе вайну супраць Украіны. Таму Павел Левінаў затэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра парушэнне.
Левінаў: "Я затэлефанаваў і сказаў: вось стаіць грамадзянка, выходзіць на праезную частку, раздае сцяжкі. І я яшчэ не паспеў расказаць, якія сцяжкі, як у мяне спыталіся: "Чырвона-белыя?!" Я сказаў: так, там ёсць і чырвоны колер, і белы колер, і сіні колер... Кажу, гэта сцяжкі Расійскай Федэрацыі. — "А-а-а, Расійская Федэрацыя — гэта ж наша дзяржава!"
Міліцыянты, дарэчы, нічога не мелі супраць таго, каб Левінаў выйшаў на такую ж акцыю з украінскім сцягам.
У міліцыю Левінаў тэлефанаваў двойчы, бо не дачакаўся рэакцыі на свой першы званок. У другі раз яму паведамілі, што міліцыя не бачыць правапарушэння ў дзеяннях дзяўчыны. Аднак на заўвагу, што тая ходзіць па праезнай частцы, ўсё ж паабяцалі даслаць патруль ДПС. Праўда, і той таксама не прыехаў. Па словах Левінава, да дзяўчыны неўзабаве падышоў малады чалавек, з якім яна хуценька і сышла.
Дарэчы, аўтамабілісты да акцыі ставіліся па-рознаму. Нехта сцяжкі браў, хтосьці адмаўляўся. Левінаў кажа, што яго здзівіла машына з расійскімі нумарамі: яе кіроўца браць сцяг адмовіўся.
Фота з фэйсбука Паўла Левінава