На якія кампрамісы здольныя пайсці сёння Украіна і “ДНР”?

Тэкст падпісанага 5 верасня ў Мінску пагаднення пра прыпыненне агню ва Украіне стаў вядомы толькі 7 верасня. Чамусьці першым яго выклала АБСЕ, а не Кіеў ці Масква. Галоўнае, да чаго нібыта дамовіліся бакі, — занятыя сепаратыстамі тэрыторыі застаюцца ў складзе Украіны. А статус іх будзе вызначаны спецыяльным законам Украіны “Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей”.

  Леанід Кучма выступае на пасяджэнні кантактнай групы ў Мінску

Фактычна гэта азначае, што ніякага прызнання незалежнасці так званых ДНР і ЛНР не будзе. І прадстаўнікі гэтых утварэнняў з тым нібыта пагадзіліся — подпісы ж свае паставілі! Але ўжо 9 верасня ў інтэрв’ю Еўрарадыё самаабвешчаны прэм’ер-міністр ДНР Аляксандр Захарчанка сцвярджае: іх намер не так зразумелі.

Аляксандр Захарчанка: “Там няправільна перадалі ці не правільна зразумелі. Курс на незалежнасць як быў, так і застаецца — мы лічым сябе самастойнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, якія маюць права весці самастойную замежную і ўнутраную палітыку, не залежную ні ад вонкавага, ні ад унутранага ўплыву”.

Па версіі Захарчанкі, на самай справе на “мінскіх кансультацыях” казалі пра тое, што “калі для вырашэння пытання пра незалежнасць нашых рэспублік трэба будзе прымаць нейкія міжнародныя прававыя акты, то Украіна як удзельнік гэтых працэсаў мае права прымаць альбо не прымаць рашэнне пра нашу незалежнасць”.

                                    Аляксандр Захарчанка

Яшчэ ў Мінску дамовіліся, што бакі пагаджаюцца “забяспечыць пастаянна дзеючы маніторынг на ўкраінска-расійскай мяжы і верыфікацыю з боку АБСЕ”. А з тэрыторыі Украіны будуць выведзеныя “незаконныя ўзброеныя фармаванні, а таксама баевікі і найміты”.

Цяпер прадстаўнік “ДНР” сцвярджае, што мяжу з Расіяй будуць кантраляваць  “памежныя службы ДНР і ЛНР” без удзелу АБСЕ, а тым больш украінскіх памежнікаў. Што ніякіх баевікоў і наймітаў, а тым больш расійскіх вайскоўцаў на Данбасе няма.

Аляксандр Захарчанка: “Ну, салдат расійскіх няма ўвогуле, а добраахвотнікі расійскія ёсць. На сёння армія ДНР налічвае 15 тысяч чалавек. Добраахвотнікаў з Расіі прыблізна каля 2 тысяч. Але яны не толькі з Расіі: сюды ўваходзяць добраахвотнікі з Асеціі, Абхазіі, Францыі, Беларусі, Казахстана, Іспаніі, Турцыі, Палесціны, з Рэспублікі Ічкерыя”.

Такім чынам, падпісаліся пад адным, а цяпер настойваюць на іншым. Ну не так хлопцаў зразумелі! Тым не менш ужо вядома, што і трэцяя сустрэча “кантактнікаў” у Мінску будзе. Хоць і невядома дакладна, калі. Але які кампраміс бакоў магчымы, калі пазіцыі іх не толькі розныя, але яшчэ і змяняюцца амаль адразу па заканчэнні сустрэчы?

Украінскі эксперт міжнароднага і еўрапейскага права Вадзім Трухан звяртае ўвагу на тое, што сустрэча ў Мінску праходзіла адначасова з самітам NATO і распрацоўкай ЕС новага пакета санкцый супраць Расіі. Тэкст падпісанага ў Мінску пагаднення павінен быў “парушыць кансенсус у абодвух арганізацыях адносна таго, як дапамагаць Украіне і ці прымаць дадатковыя санкцыі”. План, лічыць Вадзім Трухан, часткова спрацаваў.

Вадзім Трухан: “У межах NATO ўсё ж былі прынятыя рашэнні, каб дапамагаць Украіне і Еўрасаюз, нягледзячы на пэўныя складанасці, звязаныя з даволі асцярожнай пазіцыяй Фінляндыі, Славакіі і Венгрыі, усё ж такі выпрацаваў гэты пакет санкцый. Але рашэнне да гэтага часу не апублікаванае, і залежыць гэта ад таго, якія будуць вынікі маніторынгу выканання “мінскага пратаколу”.

                Вадзім Трухан

Па словах эксперта, сёння афіцыйнаму Кіеву пайсці на любы кампраміс з “ДНР” і “ЛНР”, які ставіць пад пагрозу тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, не дадуць ні палітычныя партыі, ні экспертная супольнасць, ні, што самае галоўнае, байцы батальёнаў добраахвотнікаў.

Вадзім Трухан: “Таму на гэтым этапе развіцця сітуацыі казаць пра кампраміс, які б прадугледжваў альбо здачу ўкраінскіх тэрыторый, альбо стагнацыю, калі пакідаюць тэрыторыі пад кантролем ДНР і ЛНР на нейкі працяглы час, не выпадае”.

Сёння неабходны іншы фармат перамоў, дадае ўкраінскі палітолаг Яўген Магда, без удзелу так званых ДНР і ЛНР. З удзелам Украіны, Расіі, ЕС і ЗША. Праўда, саступка з боку Кіева можа быць толькі адна.

Яўген Магда: “Гэта будзе дэцэнтралізацыя. Сёння Парашэнка сказаў, што неабходна будзе прызнаць парламентарыяў, якія будуць абраныя на ўсходзе. Калі ідэйныя сепаратысты будуць гатовыя адстойваць свае ідэі ва ўкраінскім парламенце, то ім давядзецца абірацца дэпутатамі і далей дзейнічаць у палітычным полі”.

                                      Яўген Магда

Пагаджацца на федэралізацыю, наданне рускай мове статуса другой дзяржаўнай, а тым больш на незалежнасць ДНР і ЛНР украінскія ўлады не будуць, упэўнены Яўген Магда.

А на якія саступкі і кампрамісы можа пайсці другі бок? На думку расійскага палітолага Андрэя Фёдарава, ДНР і ЛНР могуць пагадзіцца на часовае “замарожванне канфлікту”.

Андрэй Фёдараў: “Я думаю, што адзіная саступка — замарозіць канфлікт на адзін-два месяцы, да выбараў у Вярхоўную Раду. У прынцыпе, гэта адпавядала б інтарэсам і Парашэнкі, і Данецка і Луганска — калі б стала зразумела, хто пераможа на выбарах у Раду”.

                    Андрэй Фёдараў

Праўда, правядзенне выбараў на занятай сепаратыстамі тэрыторыі расійскі палітолаг цалкам выключае.

А пакуль, адзіны кампраміс, на які могуць пайсці бакі, — гэта спыненне на нейкі час агню. Праўда, як відаць з падзей апошніх дзён, і гэтая дамоўленасць не выконваецца. І вінавацяць у гэтым бакі адзін аднаго.

Тым не менш адмаўляцца ад кансультацый не хоча ніводны з бакоў. Гэта, тлумачыць Вадзім Трухан, неабходна, каб правесці перагрупоўку войск. Чым, да прыкладу, абодва бакі і займаліся пасля апошняй сустрэчы ў Мінску. Яна практычна завершаная, і ў найбліжэйшыя дні, папярэджвае эксперт, гарантавана пачнецца новая атака на пазіцыі ўкраінскай арміі. А эскалацыя канфлікту працягнецца. 

Фота: Змітра Лукашука, з архіва Яўгена Магды, Вадзіма Трухана

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі