Нацбанк Беларусі спадзяецца на кітайскі крэдыт
Але заяўляе, што і цяперашняй валюты хопіць, каб задаволіць попыт насельніцтва.
Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй праўлення Нацбанка Надзеяй Ермаковай. Яна паведаміла, што Беларусь вядзе перамовы з Кітаем пра выдачу незвязанага крэдыту. Гэтыя грошы пойдуць на папаўненне золатавалютных рэзерваў нашай краіны. Нагадаем, што раней Кітай вылучаў пераважна звязаныя крэдыты — гэта значыць, што, напрыклад, будаўніцтва па гэтых крэдытах вялося таксама кітайскім бокам.
Таксама Ермакова паведаміла, што банкаўская сістэма здольная забяспечыць валютны попыт насельніцтва. Звязана гэта з паведамленнямі пра чэргі каля абменнікаў, якія з'явіліся апошнімі днямі.
Кіраўнік Беларусі даручыў Ермаковай забяспечыць рэалізацыю збалансаванага курсу ў грашова-крэдытнай сферы. Па словах Лукашэнкі, якія перадае БЕЛТА, сітуацыя ў эканоміцы Беларусі, як і ва ўсім свеце, складаецца няпростая, але ніякай катастрофы няма.
Разам з тым Лукашэнка папярэдзіў пра недапушчальнасць эмісійнага крэдытавання эканомікі: "Аддрукаваць і ўкінуць нейкія шалёныя грошы — гэтага быць не павінна ні ў якім разе".
Фота — telegraf.by