Нацбанк Беларусі зніжае стаўку рэфінансавання да 10,5%
Нацбанк / Еўрарадыё
Нацбанк Беларусі з 3 красавіка 2023 года зніжае стаўку рэфінансавання з 11% да 10,5% гадавых, паведамляе прэс-служба фінансавага рэгулятара.
Стаўка па крэдыце овернайт панізіцца з 12% да 11,5% гадавых, стаўка па дэпазіце овернайт — з 10% да 9,5% гадавых.
Папярэдняе зніжэнне стаўкі рэфінансавання адбылося 1 сакавіка. Тады яна таксама панізілася на 0,5 працэнтнага пункту. Ад стаўкі рэфінансавання залежыць даступнасць банкаўскіх крэдытаў.
У Нацбанку заяўляюць, што інфляцыя ў Беларусі "працягвае фармавацца паблізу чаканай траекторыі". У лютым 2023-га гадавая інфляцыя знізілася да 11,7% (месяц раней была 12%). Трэндавая інфляцыя ў лютым склала 8,9% (у папярэдні месяцы 9,2%).
Таксама ў Нацбанку канстатуюць, што захоўваецца шэраг праінфляцыйных рызык — узровень інфляцыйных чаканняў, інтэнсіўнасць ажыццяўлення ашчаджэнняў у нацыянальнай валюце, а таксама паскораны рост актыўнага складніка грашовай масы. На гэты момант названыя рызыкі ацэньваюцца як умераныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.