“Накупіў цукерак у падарунак — куды іх?" У беларусаў на літоўскай мяжы праблемы
Беларускія цукеркі
З панядзелка, 3 чэрвеня, Літва забараняе ўвоз на сваю тэрыторыю сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расіі.
У спіс забароненага ўключылі харчовыя прадукты жывёльнага паходжання, рыбу, ракападобных, малюскаў, малако і малочныя прадукты, яйкі, натуральны мёд. Нельга ўвозіць крупы, гародніну і некаторыя карняплоды, садавіну і арэхі, каву, гарбату, спецыі і многае іншае. Забаронены ўвоз таксама алкагольных і безалкагольных напояў, тытуню і замяняльнікаў тытуню.
Поўны пералік забароненых да ўвозу прадуктаў можна паглядзець на сайце літоўскай мытні.
Беларусы ў памежных чатах расказваюць пра свой досвед праходжання беларуска-літоўскай мяжы па новых правілах:
"Усё, што едзе з боку Беларусі — у сметніцу".
Некаторыя скардзяцца, што накупілі ў Беларусі цукерак і алкаголю ў падарунак сябрам і цяпер не ведаюць, куды падзець усе гэтыя запасы.
Асабліва моцна перажываюць бацькі з маленькімі дзецьмі, таму што па правілах уезду забраць могуць нават бутэльку вады. Як дзіцяці перажыць шматгадзіннае чаканне ў чарзе без вады — незразумела.
Транзіт прадуктаў праз Літву не забаронены. У памежных чатах пішуць, што пасля прад'яўлення квіткоў на самалёт мытнікі спыняюць пільны дагляд рэчаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.