"Нам выставілі ўльтыматум": двое дыпламатаў не могуць падзяліць амбасаду Лівіі
Раніцай 27 жніўня будынак амбасады Лівіі ў Беларусі спрабавалі ўзяць штурмам. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Станіслаў Кудрашоў, саветнік амбасады па бяспецы.
Па яго словах, а 6-й раніцы 27 жніўня прыкладна 30 чалавек пералезлі праз плот і пачалі ламаць шкляныя дзверы з фасаду і з задняга боку амбасады.
"Ахова ўступіла ў рукапашную з пераўзыходзячым колькасцю праціўнікам. Нашы суседзі [амбасада Малдовы. — Еўрарадыё] выклікалі міліцыю. Яны пад'ехалі, і ў нас атрымалася ўтрымацца ў будынку. Сілавікі прыязджаюць, але пашпарты не правяраюць.
Яшчэ ўсё не скончылася. Спроба гэтая працягваецца, яны нікуды не сышлі. Міліцыя ўся з'ехала і пакінула іх тут. А яны вылучылі нам ультыматум: калі праз 15 хвілінаў не выйдзем з будынку — пачнецца штурм", — распавядае наш суразмоўца.
Карэспандэнт Еўрарадыё перадае з месца падзеяў, што канфлікт сапраўды працягваецца. Як атрымалася даведацца, двое лівійскіх дыпламатаў у літаральным сэнсе не могуць разабрацца, хто цяпер з'яўляецца амбасадарам Лівіі ў Беларусі. Адзін з іх — былы вайсковы аташэ, менавіта "яго людзі" цяпер спрабуюць вярнуць сабе будынак амбасады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.