Намеснік міністра фінансаў Расіі распавёў, ці атрымае Беларусь крэдыт
Выдача новых дзяржаўных крэдытаў з Масквы за мяжу пагражае Расіі праблемамі з ужо прынятымі крэдытнымі абавязаннямі. Пра гэта ў адказ на пытанне Еўрарадыё паведаміў намеснік міністра фінансаў Расіі Сяргей Сторчак у Маскве на канферэнцыі "БелаРускі дыялог".
Ён нагадаў, што Расія вылучыла замежныя крэдыты на будаўніцтва АЭС у шэрагу дзяржаваў. Гаворка ідзе пра дзясяткі мільярдаў долараў. У прыватнасці, заявіў чыноўнік, у Беларусі такое будаўніцтва ўжо вядзецца, і штогод на яго вылучаецца мільярд долараў і болей. Калі такіх праектаў будзе некалькі, то выдаткі на крэдыты складуць некалькі мільярдаў долараў.
Сторчак: "Нашая ж практыка апошніх гадоў кажа пра тое, што мы на выдаткі па фандаванні дзяржаўных экспартных фінансавых крэдытаў максімум трацілі 2-2,5 млрд долараў у год. Выхад на новы ўзровень фандавання гэтых аперацыяў звязаны з прыняццем дадатковых рызыкаў".
Намеснік міністра падкрэсліў, што гэта не пазіцыя ўрада і нават Міністэрства эканомікі, а яго персанальная.