Нападаючы БАТЭ Радзівонаў распавёў, што размаўляе з дачкой на беларускай мове
Нападаючы ФК БАТЭ Віталь Радзівонаў распавёў, што размаўляе з дачкой на беларускай мове. Яна вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі ў Мінску. Гэта быў свядомы выбар яго і жонкі, кажа футбаліст у праграме “Спорт-кадр” на тэлеканале “Беларусь 5”.
“Асноўны матыў быў, каб яна ў гэтым узросце ўвабрала ў сябе як мага больш, — распавядае Віталь Радзівонаў. — Рускамоўнае асяроддзе ў яе паўсюль. Беларускую мову яна чуе толькі ад мяне і ад сваіх аднагодкаў у класе. Таму гэта такі дадатковы адукацыйны момант, які ў любым выпадку лішнім не будзе. Я ўпэўнены ў гэтым”.
Радзівонаў адзначыў, што за некалькі гадоў, пакуль рыхтаваліся да паступлення ў гімназію, ён і яго дачка перайшлі на беларускую мову і цяпер паміж сабой размаўляюць на ёй. “Мне самому карысна будзе і ёй гэта практыка, будзе дапамагаць у вучобе”, — мяркуе футбаліст.
Віталю Радзівонаву 11 снежня споўніцца 34 гады. За БАТЭ ён выступае з 2006 года (з кароткім перапынкам у 2009-м, калі гуляў за нямецкі “Фрайбург”). Радзівонаў неаднойчы прыхільна выказваўся пра беларускую мову, удзельнічаў у акцыях па яе падтрымцы і папулярызацыі.