Нашы атлеты могуць паехаць у Токіа пад нейтральным сцягам — Герасіменя

Аляксандра Герасіменя / Еўрарадыё
Аляксандра Герасіменя / Еўрарадыё

Не выключана, што з-за ўзбуджаных крымінальных спраў супраць кіраўніцтва Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці спартсмены з Беларусі вымушаныя будуць выступаць на Алімпіядзе ў Токіа пад нейтральным сцягам. Аб гэтым заявіла кіраўнік БФСС Аляксандра Герасіменя напярэдадні вечарам падчас стрыму ў Instagram.

"Думаю, як вынік, нашы спартоўцы паедуць на Алімпіяду пад нейтральным сцягам. І гэта ўжо не наша заслуга", — сказала яна. Акрамя таго спартсменка выказала здагадку, што НАК могуць і зусім выключыць з Міжнароднага алімпійскага камітэта.

Яшчэ адзін фігурант крымінальнай справы, выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін лічыць, што беларускія ўлады, па сутнасці, "зрабілі чарговы стрэл сабе ў нагу". Яго здзівіла непісменнасць чыноўнікаў, "бо гэта крымінальная справа не супраць фізічных асоб — Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Гэта справа супраць БФСС, які прызнаецца суб'ектам міжнароднага спартыўнага права і з'яўляецца членам алімпійскага руху".

Пры гэтым Апейкін падкрэсліў, што мэты пазбавіць Беларусь сцяга або не пусціць нацыянальную каманду на Гульні ў Токіа ў БФСС не стаіць. Задача іншая — абараніць спартсменаў і "каб спынілася гэтая дзічына ў беларускім спорце", адзначыў Аляксандр ён.

Нагадаем, Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці быў створаны ў жніўні 2020 года для падтрымкі спартоўцаў, якія трапілі пад рэпрэсіі: былі затрыманыя, выключаныя са зборных або знятыя са спаборніцтваў за грамадзянскую пазіцыю. Аб'яднанне ўзначаліла шматразовы прызёр Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя, а заснавальнік гандбольнага клуба "Віцязь" Аляксандр Апейкін стаў выканаўчым дырэктарам Фонду.

Другога красавіка стала вядома, што ў дачыненні да Герасімені і Апейкіна распачатая крымінальная справа за "заклікі да ўчынення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт". У СК патлумачылі, што пры ўдзеле фігурантаў Беларусь пазбавілася шэрагу буйных спартыўных мерапрыемстваў.

Раней МАК ужо ўвёў шэраг абмежаванняў для НАК Беларусі і не прызнаў паўнамоцтвы новага кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктара Лукашэнкі. Каментуючы апошняе рашэнне МАК, Віктар Лукашэнка тым не менш заявіў, што беларускія спартсмены ў Токіа будуць выступаць пад дзяржаўным сцягам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі