Найбуйнейшы пакупнік калія пра Беларусь: "Бягучая сітуацыя непрымальная"
Рабочыя "Беларуськалія" / Еўрарадыё
Генеральны дырэктар Yara Тор Суэйн Хольшар выступіў з асуджэннем уціску правоў чалавека і правоў працоўных у Беларусі. У заяве называюцца парушэнні правоў чалавека непрымальнымі для кампаніі, якая з'яўляецца адным з асноўных пакупнікоў салігорскіх калійных угнаенняў у Беларускай калійнай кампаніі.
"Нягледзячы на нашы пастаянныя намаганні па змяненні сітуацыі шляхам дыялогу, мы не бачым істотнага паляпшэння становішча супрацоўнікаў "Беларуськалія ". Асаблівую трывогу выклікаюць шматлікія паведамленні аб звальненні працоўных, якія мірна жыццяўлялі свае дэмакратычныя правы.
Бягучая сітуацыя непрымальная для Yara. Я растлумачыў пазіцыю Yara на перамовах з шэрагам зацікаўленых бакоў, у тым ліку з паслом Беларусі ў Скандынавіі Дзмітрыем Мірончыкам. Мы павінны ўбачыць неадкладнае і істотнае паляпшэнне ўмоў і адносін з працоўнымі калектывамі "Беларуськалія", спыненне рэпрэсій і паляпшэнне ўмоў аховы працы", — гаворыцца ў заяве.
Нарвежская кампанія Yara — найбуйнейшы ў свеце пакупнік мінеральных угнаенняў. Беларусь — адна з дзевяці краін, дзе Yara купляе ўгнаенні.
Упершыню Yara выказала занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі і выкананнем правоў гарнякоў 15 верасня. Дэлегацыя наведала Салігорск 18 верасня.
Паводле апошніх звестак, у стачку ўступіў 101 працаўнік "Беларуськалія" (сярэдняспісачная колькасць супрацоўнікаў прадпрыемства, па дадзеных за 2019 год, складала 16,5 тысячы чалавек). З іх ужо звольнена 55 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.