Найлепшым рэстаранам свету прызнаны вясковы паб у Брытаніі
Брытанскі вясковы паб прызнаны найлепшым рэстаранам ў свеце. Пра гэта заявіў рэсурс для падарожнікаў TripAdvisor, прааналізаваўшы мільёны водгукаў на сайце за апошні год.
Як адзначае Бі-Бі-Сі, брытанскі рэстаран упершыню выйшаў на першае месца з моманту заснавання прэміі ў 2012 годзе.
Паб "Black Swan" ("Чорны лебедзь") ужо мае адну мішленаўскую зорку і чатыры прэстыжныя ўзнагароды AA Rosette. Гэта сямейны рэстаран у горадзе Олдстэд у Паўночным Ёркшыры. Кіруе ім шэф-кухар Томі Бэнкс і яго брат Джэймс.
Другое месца заняў рэстаран аднаго з самых вядомых брытанскіх шэф-кухараў Рэйманда Блана "Le Manoir" у Оксфардшыры. Дагэтуль два гады запар тытул лепшага рэстарана заваёўваў Марцін Берасатэг у Іспаніі.
TripAdvisor прысуджае сваю ўзнагароду на аснове водгукаў наведвальнікаў, а не грунтуецца на меркаваннях невялікай групы экспертаў.