Не плаціце камуналку — забяром дзіця! ЖКГ знайшла спосаб ціснуць на беларусаў
У красавіку сям'я вядомых беларускіх дызайнераў перажыла сур'ёзны стрэс. З гімназіі, у якой вучыцца іх 10-гадовы сын, патэлефанавалі і паведамілі што хлопчык знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.
Нагодай для “трывожнага званка” стала запазычанасць па камунальных плацяжах.
"Мы плацім за кватэру і за святло так, як нам зручна. Можам два месяцы не плаціць, можа ўзнікнуць пеня, але плацім заўсёды, — распавядае Еўрарадыё бацька гімназіста. — У індывідуальных прадпрымальнікаў прыбытак фарміруецца па-рознаму. Здараецца, што вымушаны патраціць грошы на нешта больш важнае. Атрымалася, што ў нас узнікла запазычанасць за два месяцы. А ЖКГ тут жа адправіла ліст у школу".
"З сістэмай нельга бадацца, бо сістэма забадае”
Сям'і тэлефануе шакаваная класная кіраўніца і кажа, што да іх дадому могуць прыйсці з праверкай. Пара тут жа ідзе плаціць за камуналку, робіць копію рахункаў і аддае іх у школу. І на ўсялякі выпадак рыхтуюцца да прыёму дарагіх гасцей.
"Фармальна, логіка такая: калі бацькі не плацяць за кватэру, значыць дзіця ў небяспецы. Адпаведна, усе гэтыя клапатлівыя службы павінны дзіцятка ратаваць, — разважае дызайнер. — Але, насамрэч, гэта лухта: якое дачыненне да камуналкі мае дзіця? Атрымліваецца шантаж, прычым, шантаж без варыянтаў".
Праверка да сям'і так і не дайшла. Але, кажа наш суразмоўца, падобныя выпадкі ў іх школе практыкуюцца. Нядаўна іншая сям'я аплаціла камуналку, але адбыўся нейкі збой у сістэме, аплата не зафіксавалася. ЖКГ тут жа паведаміла ў школу пра неаплату.
"З сістэмай нельга бадацца, бо сістэма забадае, але мы б паказалі тое, што ў нас усё добра, калі б давялося. Усё адно мы працягваем плаціць так, як нам зручна, але цяпер улічваем гэты фактар", — падсумоўвае дызайнер.
Два месяцы, і ЖКГ пачынае дзейнічаць. Як гэта працуе
Сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі пачынае ціснуць на беларусаў ужо праз два месяцы пасля затрымкі ў аплаце камуналкі.
“Два перыяды запазычанасці — адпраўляюцца іскі ў суд і лісты ў школы, калі ў вас ёсць дзеці, — тлумачаць Еўрарадыё ў адным з разлікова-даведкавых цэнтраў Мінска. — Калі дзяцей няма ці яны не ўнесеныя ў асабовы рахунак, вам адключаюць ваду і святло, а калі ёсць дзеці — толькі ваду”.
Але цяпер вучні могуць займацца ў гімназіях далёка ад месца жыхарства. Адкуль сістэма ЖКГ ведае, дзе вучацца дзеці? Высвятляецца, што разлікова-даведкавыя цэнтры працуюць у шчыльным узаемадзеянні з аддзеламі адукацыі.
“Калі дзіця зарэгістраванае па месцы пражывання, інфармацыю пра запазычанасць па камунальных плацяжах мы адпраўляем у аддзел адукацыі. А яны перанакіроўваюць у школы”, — тлумачаць схему ў РДЦ Цэнтральнага раёна Мінска.
Праз школы яны спрабуюць запалохаць неплацельшчыкаў, дзейнічаць на псіхіку праз самае дарагое, што ёсць у сям’і
Па словах праваабаронцы Гары Паганяйлы, у дадзеным выпадку і школы, і камунальныя гаспадаркі дзейнічаюць незаконна:
“Па законе, ЖКГ могуць прапаноўваць, высвятляць прычыну, могуць ставіць пытанне аб судовым спагнанні, аб перасяленні ў жыллё з меншай плошчай. Але яны праз школы спрабуюць запалохаць неплацельшчыкаў, дзейнічаць на псіхіку праз самае дарагое, што ёсць у сям’і”.
У падобных выпадках Гары Паганяйла раіць абскарджваць дзеянні ЖКГ і школ у вышэйстаячых арганізацыях.
“На ўсякае беззаконне трэба рэагаваць прывучваннем чыноўнікаў дзейнічаць у межах іх паўнамоцтваў і ў адпаведнасці з законам”.